Еўрапарламент не ўзнавіць кантактаў з новаабраным парламентам


Выбары ў Беларусі не былі бесстароннія, што падрывае давер да выбарчай кампаніі – вось сутнасць папярэдняга дакладу місіі назіральнікаў ад Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) ды Парламенцкай асамблеі (ПА) АБСЕ.

Канчатковы даклад па выніках назірання АБСЕ плануе падрыхтаваць цягам двух месяцаў. «Шмат якія абавязанні ў рамках АБСЕ, што датычаць дэмакратычных правоў грамадзянаў на свабоднае вылучэнне кандыдатаў і магчымасці свабодна выказваць меркаванне, не былі выкананыя», – гаворыцца ў прэзентаваным папярэднім дакладзе.

«Выбары ў Беларусі не праводзіліся сумленна, а працэс падачы скаргаў і апеляцыяў не гарантаваў эфектыўнага сродку абароны», – адзначаюць назіральнікі. «Выбары ў Беларусі не былі канкурэнтаздольныя з самага пачатку, – заявіў кіраўнік місіі кароткатэрміновых назіральнікаў ПА АБСЕ Матэа Мэкаччы. – Свабодныя выбары залежаць ад магчымасці людзей свабодна гаварыць, свабодна арганізоўваць сустрэчы і балатавацца, чаго мы не ўбачылі падчас гэтай кампаніі».

Назіральнікі АБСЕ таксама адзначаюць: «Нягледзячы на павышэнне колькасці кандыдатаў ад палітычных партыяў, вядомыя палітычныя фігуры, якія маглі адыграць сваю ролю, або заставаліся ў турме, або не былі зарэгістраваныя з-за наяўных у іх крымінальных справаў».

У сваю чаргу старшыня Еўрапарламенту Марцін Шульц заявіў, што аднаўлення кантактаў з Палатаю прадстаўнікоў Беларусі не адбудзецца. Еўрапейскі чыноўнік таксама падкрэсліў недэмакратычнасць выбарчага працэсу.

belsat.eu

Стужка навінаў