«Міжнародная амністыя» звярнулася да генпракурора Беларусі ў справе Бябеніна


Аўтарытэтная міжнародная праваабарончая арганізацыя заклікае падключыць да расследавання гібелі журналіста Алега Бябеніна замежных крыміналістаў і са згоды сваякоў правесці паўторнае ўскрыццё.

У адмысловай заяве згадваюцца факты і сведчанні, што ставяць пад сумнеў версію пра самазабойства журналіста. У прыватнасці, паведамляецца пра шэраг неадпаведнасцяў, пра якія распавялі відавочцы. Гэта сінякі на целе і бруд на руках памерлага, што гаворыць пра магчымую барацьбу; апроч гэтага, гаворыцца пра знойдзеныя ў гасцінай дзве пустыя бутэлькі ад «Беларускага бальзаму», якога Алег Бябенін, паводле блізкіх, ніколі не піў. Акрамя таго, не знайшлі перадсмяротнай запіскі. Усё гэта можа гаварыць пра інсцэнізацыю самазабойства.

У сваёй заяве «Міжнародная амністыя» заклікае ўлады Беларусі гарантаваць бяспеку дзеячаў беларускай апазіцыі ды журналістаў у перыяд рыхтавання да прэзідэнцкіх выбараў і «развеяць сумневы адносна прычынаў смерці Алега Бябеніна».

belsat.eu

Стужка навінаў