Лебедзеў: Назіральнікі ад АБСЕ – хлопчыкі, якія вучылі нас жыць


Кіраўнік місіі назіральнікаў ад СНД Сяргей Лебедзеў лічыць, што ягоныя калегі з АБСЕ не маюць досведу.

“У складзе місіі ад СНД – людзі з вялікім жыццёвым і прафесійным досведам. Мы сустракаліся з назіральнікамі ад АБСЕ і часам размаўлялі, прабачце мяне, з хлопчыкамі, у якіх нічога за плячыма няма, але яны з важным выглядам давалі ацэнкі нашай дзейнасці, сітуацыі ў краінах СНД, вучылі нас жыць. Думаю, што ацэнкі сталых людзей заслугоўваюць большага даверу, чым ацэнкі людзей, якія пішуць у сваіх анкетах “беспрацоўны”, – заявіў Лебедзеў на прэс-канферэнцыі 24 верасня ў Менску.

Лебедзеў адзначыў, што назіральнікі ад СНД, “зразумела, не маглі на 100 % пракантраляваць выбарчую кампанію, але мелі магчымасць атрымаць поўную карціну выбараў – здавальняючую і пазітыўную”.

Місія ад СНД складалася з 350 назіральнікаў. “Упершыню за шмат гадоў колькасць назіральнікаў ад СНД была вышэйшая, чым колькасць назіральнікаў ад АБСЕ”, – падкрэсліў Лебедзеў.

Ён паведаміў, што выніковы дакумент місіі ад СНД паводле вынікаў назірання за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі будзе апублікаваны пасля канчатковага зацвярджэння выбараў.

belsat.eu

Стужка навінаў