Выбары скончыліся, затрыманні працягваюцца (абноўлена)


АМАП і людзі ў цывільным затрымалі ўсіх пастаяльцаў гастэлю «Джаз», сярод іх была і непоўнагадовая адміністратарка. Перадусім праваахоўнікі палявалі на актывістаў праекту “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка” (electby.org).

Як паведаміў «Белсату» адзін з затрыманых назіральнікаў Алесь Заяц, зараз затрыманых пачынаюць выпускаць па-некалькі чалавек.

«Уварваліся людзі ў цывільным і АМАПаўцы і нічога не тлумачачы ўсіх павязлі ў Цэнтральны РУУС. Зараз ужо выпускаюць па тры-пяць чалавекі, кажуць – калі хочаце даведацца прычыну затрымання, то можаце застацца, паразмаўляем». – распавёў Заяц.

Паводле аднаго з каардынатараў праекту Вадзім Мажэйка, назіральнікаў затрымалі пад час падсумавання вынікаў выбараў. Яны меліся прадставіць справаздачу на прэсавай канферэнцыі 25 верасня ў Вільні.

«Было зафіксавана вельмі шмат парушэнняў, сярод якіх многа нечаканых. Як заўсёды, яшчэ пад час датэрміновага галасавання на назіральнікаў праводзіўся ціск. Звычайна – не давалі працаваць, не дапушчалі да працэдураў. – кажа Мажэйка.

Разам з гэтым каардынатар падкрэслівае, што затрыманні назіральнікаў не перашкодзяць у публікацыі паслявыбарчай справаздачы, паколькі ўсе парушэнні зафіксаваныя ў электронным выглядзе тут.

Актывістаў праекту затрымалі 24 верасня каля гостэлу “Джаз”. Сярод затрыманых – Алесь Заяц, Алег Ладудзька, Анастасія Матчанка і Алесь Герасіменка. Цяпер яны ў Цэнтральным РУУС Менску.

Праект “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка” ажыццяўляюць супольна грамадская арганізацыя “Belarus Watch”, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт і Беларускі дом правоў чалавека ў Вільні.

belsat.eu

Стужка навінаў