Яўка – 25,7 %. Назіральнік сфатаграфаваў пратакол (Дадаўся каментар Ярмошынай)


На адным з менскіх участкаў камісія вывесіла пратакол з рэальнымі лічбамі.

На ўчастку № 470 (Кальварыйская акруга № 104) камісія ўчора вывесіла афіцыйны пратакол, у якім пазначаная яўка выбарцаў 25,7 %. Пра гэта паведамляе сайт Аб’яднанай грамадзянскай партыі ucpb.org.

Агулам выбарцаў на ўчастку – 1653 чалавекі, прагаласавалі за ўсё (з улікам датэрміновага галасавання) – 425 чалавек. Пратакол сфатаграфаваў назіральнік Дзмітрый Нікіцін увечары 23 верасня пасля падліку галасоў.

Ярмошына: нізкая яўка была на пяці ўчастках. Сайт Беларускай хрысціянскай дэмакратыі піша, што на 594-м участку 107-й акругі ў Менску пасля таго, як старшыня камісіі вывесіў выніковы пратакол, выбегла жанчына, сарвала аркуш і ўцякла.

Паводле назіральніц ад БХД Валерыі Чарнаморцавай і Вольгі Кавальковай, на ўчастку прагаласавалі толькі 28,8 % выбарцаў (317 з 1109 чалавек). Пазней актывісткі паехалі ў акруговую камісію, дзе ім паведамілі, што выбары на ўчастку адбыліся: маўляў, прагаласавалі 565 чалавек.

На 141-м участку 94-й акругі паводле звестак назіральніка ад БХД з 1900 зарэгістраваных прагаласавалі 763 чалавекі, паводле афіцыйных лічбаў – 1353.

belsat.eu

Стужка навінаў