Назіральнікаў Сяргея Марцалева і Арыну Лісецкую да 21 гадзіны трымалі ў аддзеле крымінальнага вышуку


Прыкладна а 13 гадзіне Лісецкая на сваім участку заўважыла сітуацыю, падобную на “карусель”, калі адны і тыя ж людзі галасуюць на некалькіх участках. Яна выйшла з участка, каб зрабіць некалькі здымкаў. Калі праз некаторы час яна не вярнулася, яе пайшоў шукаць Сяргей Марцалеў і таксама знік. Пра іх месцазнаходжанне не было нічога вядома.

Як паведаміла Лісецкая, яна ўбачыла на сваім участку жанчыну, якую яна візуальна пазнала — гэта жанчына ўжо галасавала пры ёй. “Я зрабіла гэтай жанчыне заўвагу, што яна ўжо прагаласавала. На маю заўвагу яна не адрэагавала і прагаласавала яшчэ раз. Тады я ўзяла фотаапарат і выйшла з участка, каб яе сфатаграфаваць. Убачыла там яшчэ некалькі жанчын, таксама візуальна знаёмых па працэсе галасавання, яны сядзелі ў мікрааўтобусе. Я зрабіла некалькі здымкаў, пасля чаго жанчыны мяне пазналі, выйшлі з мікрааўтобуса, а да мяне падбеглі людзі ў цывільным і ў гэты аўтобус запіхнулі. Да гэтага часу за мной выйшаў Сяргей Марцалеў — яго ўзялі таксама”, — сказала Лісецкая.

Паводле слоў Марцалева, іх затрымалі оперупаўнаважаныя крымінальнага вышуку Фрунзенскага раёна і завезлі ў міліцыю. “Нам спачатку прад’явілі прэтэнзіі, што мы ішлі па вуліцы і лаяліся матам. Абшуквалі рэчы, нічога не знайшлі, потым трымалі без прад’яўлення абвінавачання, без пратаколаў, і толькі а 21 гадзіне, праз гадзіну пасля закрыцця выбарчага ўчастка, нас адпусцілі”, — паведаміў Марцалеў.

Лісецкая таксама адзначыла, што фатаграфіі яна захавала: “Я паспела перадаць флэш-карту з матэрыялам надзейнаму чалавеку. Заўтра-паслязаўтра здымкі будуць распаўсюджаныя. Я бачыла гэтых жанчын на відэа, знятым на іншым участку падчас галасавання. Такім чынам, у нас ёсць доказы паўторнага галасавання і прымянення “каруселі”.

belsat.eu

Стужка навінаў