Развітальны пікет: «Гавары праўду!», БРСМ і Жан Содэль


Сёння, 22 верасня, у апошні дазволены для агітацыі дзень кампанія «Гавары праўду!» на пікеце Таццяны Караткевіч каля Камароўскага рынку яшчэ раз нагадала пра ўсіх сваіх зарэгістраваных і незарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты.

Побач агітавалі ўдзельнічаць у выбарах актывісты БРСМ і кандыдат ад камуністычнай партыі Беларусі Жан Содэль.

«Байкот не быў бескарысны»

Прысутны на пікеце лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў падзякаваў усім удзельнікам кампаніі за працу. «Ніхто не думае, што заўтра нашыя кандыдаты трапяць у парламент. Але мы ўдзельнічалі ў гэтай кампаніі як у палітычнай, каб прыцягнуць на свой бок грамадзянаў Беларусі. Нам неабходнае падтрыманне большасці насельніцтва на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года», – заявіў Някляеў.{movie}Някляеў і Пашкевіч на апошнім пікеце|right|6481{/movie}

Хоць «Гавары праўду!» адмовілася ад агульнага байкоту выбараў, лідар кампаніі Уладзімір Някляеў бачыць у ім своеасаблівае рыхтаванне да магчымага байкоту на выбарах прэзідэнцкіх. «Псіхалагічна людзі будуць гатовыя да гэтага і будуць ведаць, што ім рабіць. Удзел дадаў нам хай не мільёны, але дзясяткі тысячаў новых прыхільнікаў. Нам неабходная на прэзідэнцкіх выбарах большасць народу».

«Ну мы ж у агулам жывем няблага!»

«Гавары праўду!» нагадала на пікеце пра палітвязняў, якім кожны ахвотны мог даслаць тэлеграму, і прапанавала мінакам спрабаваць пазнаць свайго дзейнага дэпутата. Таксама актывісты прэзентавалі «новыя курсы валютаў пасля выбараў».

Мінакі рэагавалі актыўна. Некаторыя раілі Някляеву вярнуцца ў літаратуру, а не займацца палітыкаю ды нават называлі «здраднікам радзімы». Галоўным аргументам было тое, што «мы агулам жывем няблага». «Ну так, лепш, чымся падчас вайны», – працягнуў за крытычна настроеную пенсіянерку Някляеў. Тая не знайшлася, што адказаць.

«Выканаць заданні чацвёртага Усебеларускага сходу!»

Побач з «Гавары праўду!» агітавалі ўдзельнічаць у выбарах актывісты БРСМ і прыхільнікі беларускай кампартыі з кандыдатам Жанам Содэлем. Былы журналіст ОНТ у сваім тэлевізійным выступе выказваўся за ўзмацненне абранага краінаю курсу і за «выкананне задачаў, пастаўленых чацвёртым Усебеларускім сходам». {movie}Выступ Жана Содэля|right|6483{/movie}

Убачыўшы ідэйнага праціўніка, актывіст «Гавары праўду!» Міхаіл Пашкевіч спрабаваў угаварыць Содэля падпісаць бюлетэнь «за сумленныя выбары». Малады камуніст рашуча адмаўляўся, маўляў – і так усё сумленна.

«Абавязкова трэба прыходзіць галасаваць. Ні ў якім выпадку нельга падтрымліваць байкот, бо да яго заклікаюць якраз тыя людзі, што не гэтак даўно заклікалі да эканамічных санкцыяў супраць нашай краіны», – заявіў Содэль для «Белсату».

Падобнага меркавання трымаюцца і актывісты БРСМ. Хоць далёка не ўсе згадзіліся падзяліцца сваймі думкамі пра хаду выбарчай кампаніі, большасць трымалася аптымістычна. Маладыя людзі запэўнілі «Белсат» у шчырасці і сумленнасці парламенцкіх выбараў. {movie}Жан Содэль і актывісты БРСМ|right|6482{/movie}
belsat.eu

Стужка навінаў