«Associated Press» пра «Белсат»


Амерыканская прэсавая агенцыя «Associated Press» у вялікім матэрыяле пра дэмакратычныя ініцыятывы, якія падтрымлівае Польшча, распавядае і аб працы нашага каналу…

Палякі дапамагаюць беларусам, узгадваючы ўласнае мінулае

Вольга Старасціна не бачыла іншага выйсця, акрамя як выкінуць усё напрацаванае ў прыбіральню міліцэйскага пастарунку.

Прыбіральня сталася адзіным месцам, дзе беларуская журналістка магла схаваць відэаматэрыял пасля таго, як яе затрымалі за апытанне мінакоў напярэдадні выбараў у рэпрэсіўнай дзяржаве.

Рызыкоўная праца незалежнай журналісткі – частка фінансаваных Польшчаю намаганняў данесці нецэнзураваную інфармацыю да беларусаў. Гэта адзін з праектаў, які падтрымлівае Польшча, маючы на мэце паспрыяць дэмакратычным пераўтварэнням у праблемнага ўсходняга суседа.

Польшча мае шмат прычынаў жадаць, каб Беларусь далучылася да дэмакратыі, але першая прычына – калі Польшча глядзіць на ўсход, яна бачыць сваё ўласнае мінулае. Цэнзура, спецслужбы, шпіянаж і ціск на палітычных апанентаў, аўтарытарнае кіраўніцтва Аляксандра Лукашэнкі – усё гэта нагадвае палякам пра тое, што перажываў рух Леха Валэнсы «Салідарнасць» у 1980-х. Цяпер шмат хто з былых актывістаў «Салідарнасці» ўзначальвае польскі ўрад. Яны хочуць забяспечыць беларусам такую ж дапамогу з Захаду, якая найперш і паспрыяла зрынанню прасавецкага рэжыму, што панаваў калісьці ў Польшчы.

«Гэта хвалюе. Быць супраць рэжыму – вельмі па-польску», – кажа Томаш Пісуля (Tomasz Pisula), паляк, які ўзначальвае Фундацыю свабоды і дэмакратыі – варшаўскую групу, якая працуе дзеля дэмакратычных зменаў у Беларусі.

Іншыя краіны таксама заангажаваныя ў справе, у тым ліку ЗША і Швецыя. Але, напэўна, нідзе так не падтрымліваюць беларускай дэмакратыі на ўсіх узроўнях, як у Польшчы.

Прычыны салідарнасці крыюцца таксама ў культурнай роднасці ды шчыльных кантактах паміж двума славянскімі народамі. Заблытаная гісторыя змены межаў ва Усходняй Еўропе пакінула ў Беларусі значную польскую меншасць, якая цяпер зазнае прыгнёт, што выклікае вялікую занепакоенасць у Польшчы.

У больш шырокім сэнсе Польшча хоча, каб увесь рэгіён на ўсход ад яе складаўся са стабільных і квітучых дэмакратычных краінаў, і гадамі імкнецца спрыяць дэмакратычным зменам ва Украіне і Грузіі. Гэта паўплывала б на шэраг сфераў – ад барацьбы з наркатрафікам да росту гандлю. І хоць польскія лідары не хочуць дэклараваць гэтага публічна, яны таксама жадалі б бачыць паслабленне маскоўскага ўплыву на рэгіён, бо яшчэ жывыя ўспаміны пра мінулае дамінаванне Расеі.

Шматлікія спробы Польшчы падтрымаць Беларусь

Урад фінансуе тэлевізійны канал «Белсат» і радыёстанцыю «Радыё Рацыя», якія транслююць з Польшчы на Беларусь незалежныя навіны. Гэта альтэрнатыва прарэжымным дзяржаўным медыям. Урад адчыніў дзверы ўніверсітэтаў для сотняў беларусаў, якія з палітычных прычынаў страцілі магчымасць навучацца на радзіме. Польскія ўлады фінансуюць некалькі праектаў, мэта якіх – пераадолець наступствы рэпрэсіяў. Адзін з іх – праект Пісулі, скіраваны як на дапамогу палітвязням, так і на ўлік злачынцаў, што бралі ўдзел у рэпрэсіях: суддзяў, міліцыянтаў і пад., – у чаканні таго дня, калі гэта спатрэбіцца.

Старасціна, беларуская тэлежурналістка, якая выкінула электронную картку памяці ў прыбіральню, – працуе на «Белсат». У мінулым месяцы Вольгу разам з аператарам запыніла КДБ, калі яны вялі рэпартаж з вуліцаў Віцебску, гораду на ўсходзе Беларусі. У падобных выпадках журналісты «Белсату» звычайна спрабуюць пакінуць карткі памяці пад якім-небудзь дрэвам ці кустом, каб забраць пазней. Але на той плошчы, дзе іх затрымалі, не было ніякай расліннасці, і калі Старасціну забіралі ў пастарунак, доказ ейнай дзейнасці быў пры ёй…

«Я адчула сябе бездапаможнаю, – распавяла Старасціна агенцыі «Associated Press» з ньюзруму ў Варшаве. – Яны маглі мяне абвінаваціць у чым заўгодна і пакінуць пад арыштам».

Падчас выбараў, якія адбудуцца ў нядзелю, мае быць абраны так званы марыянеткавы парламент, а ўся ўлада застанецца ў руках Лукашэнкі. «Белсат» здымаў выбарчую кампанію, каб паспрыяць выкрыццю фальшывай дэмакратыі ў краіне.

«Белсат» функцыянуе дзякуючы працы дзясяткаў рэпарцёраў, якія ў пошуку навінаў рызыкуюць быць арыштаванымі ці рэпрэсаванымі. З імправізаваных ньюзрумаў у канспіратыўных кватэрах па ўсёй Беларусі яны перапраўляюць матэрыялы ў Варшаву праз інтэрнэт. З Варшавы гэтыя навіны транслююцца на Беларусь праз спадарожнік са студыі, якая належыць Польскай тэлевізіі. Яшчэ адзін выклік – гэта тое, што канал транслюе пераважна па-беларуску, а не па-расейску. Гэта элемент свядомай палітыкі адраджэння мовы і культурнае спадчыны, пазіцыі якіх істотна аслаблі за дзесяцігоддзі панавання расейскае мовы, што застаецца моваю большай часткі дзяржаўных медыяў.

Таксама Польшча дапамагла шэрагу беларускіх праваабарончых арганізацыяў ды інфармацыйных пляцовак распачаць дзейнасць у краіне, спрыяючы ім фінансава, а таксама даючы палітычны прытулак пераследаваным актывістам. Шматлікія праекты ператварылі Варшаву ў асноўны цэнтр беларускіх дысідэнтаў і інтэлектуалаў у выгнанні.

«Мы рэалістычна ўспрымаем Беларусь. Мы разумеем, што змены не адбудуцца за адзін дзень, бо гэтая змены ў першую чаргу мусяць адбыцца ў свядомасці беларусаў, – кажа Катажына Пэлчыньска-Налэнч (Katarzyna Pełczyńska-Nałęcz), намесніца міністра замежных справаў. – Нашая роля – падтрымліваць гэтыя змены і дапамагаць».

Шмат якія з польскіх праектаў спрыяння дэмакратыі ў Беларусі распрацоўваюцца былымі сябрамі руху «Салідарнасць» ці іхнымі дзецьмі. Заснавальніца і дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская, паходзіць з сям’і, якая адыграла значную ролю ў руху. Рамашэўская запачаткавала «Белсат» у 2007 годзе ў надзеі даць беларусам такога ж кшталту незалежныя навіны, якімі ейных бацькоў забяспечвала радыё «Свабода».

На пытанне, чаму пяць гадоў працы «Белсату» не прывялі да зрынання Лукашэнкі, яна заўсёды адказвае – гэта не справа каналу.

«Трэба, каб Лукашэнку зрынула ягоная ўласная нацыя, калі яна таго хоча», – кажа Рамашэўская. Яна сцвярджае: усё, што «Белсат» можа зрабіць, – гэта прапанаваць незалежнае бачанне, чаго бракуе дзяржаўным медыям, у тым ліку навіны і дакументальныя фільмы на тэмы беларускай гісторыі ды культуры.

«Дзяржаўная тэлевізія пачынаецца з Лукашэнкі і канчаецца Лукашэнкам. Дваццаць хвілінаў навінаў – гэта як ён пайшоў туды, наведаў таго чалавека, быў на фабрыцы, даў парады свінаводам, як выгадаваць вялікіх кабаноў, – кажа Рамашэўская. – Сумнеўна, што большасць людзей на Захадзе ў стане ўявіць такое.

Беларускія актывісты ў Варшаве выказваюць падзяку за дапамогу. Шмат хто з іх кажа, што, калі б ім давялося вярнуцца ў Беларусь, іх пасадзілі б у турму, таму жыццё і бесперашкодная праца ў Польшчы дае ім магчымасць працягваць барацьбу за дэмакратычныя змены на радзіме.

«У Польшчы ёсць людзі, якія памятаюць сваю гісторыю і маюць пэўнага кшталту духоўную місію пашырэння свабоды. Мы вельмі ўдзячныя такім людзям, – кажа актывіст Аляксандр Атрошчанкаў. – Але я хачу, каб Еўропа зразумела, што за справы Беларусі нясе адказнасць не толькі Польшча».

Некаторыя грамадзяне Беларусі, задаволеныя з эканамічнай абароненасці, якую дае ім дзяржава, – крытычна ставяцца да спробаў спрыяння дэмакратыі з боку Польшчы.

Дзмітрый Куляшоў, 76-гадовы пенсіянер, кажа, што некалькі разоў глядзеў «Белсат» праз спадарожнікавую «талерку» ў суседа, але лічыць канал «прапагандаю». «Белсат» робіць беларусаў дурнямі, распальвае нянавісць», – кажа ён.

Іншыя набылі спадарожнікавыя «талеркі» толькі для таго, каб глядзець праграмы «Белсату». Адна з іх – Ала Бандарчык, 43-гадовая прадпрымальніца, якая мяркуе, што праграмы «Белсату» «расплюшчваюць вочы». «Пяць дзяржаўных каналаў – прапагандысцкія. Толькі «Белсат» паказвае рэальную карціну», – кажа яна.

—–

Ванэса Ґера (Vanessa Gera), у супрацы з карэспандэнтамі «Associated Press» Юрасём Карманавым (Менск) і Монікаю Сьціслоўскаю (Monika Ścisłowska, Варшава)

Версія на англійскай мове – тут.

Стужка навінаў