Шведскіх журналістаў не пускаюць у Беларусь


Прадстаўнікоў шведскай прэсы, якія прыехалі асвятляць парламенцкія выбары, завярнулі ў аэрапорце. Пра гэта паведаміў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянцін Стэфановіч.

Паводле ягоных словаў, два шведскія журналісты прыляцелі ў Менск увечары 21 верасня: “Папярэдне яны падалі заяўкі на акрэдытацыю ў МЗС Беларусі. Пасля прыбыцця самалёта ў аэрапорт прадстаўнік беларускага МЗС, з якім яны кантактавалі ў пытаннях акрэдытацыі, паведаміў ім праз тэлефон, што акрэдытацыі ім даставяць непасрэдна ў аэрапорт у суботу 22 верасня а 10-й гадзіне, пасля чаго адкрыюць візы для перабывання ў краіне”.

Аднак сёння а 10-й гадзіне акрэдытацыяў не даставілі, прадстаўнік жа авіякампаніі “Белавія” сказаў журналістам, што ў візах ім адмовілі, і прапанаваў рэйсам кампаніі вярнуцца дадому.

Спробы журналістаў дазваніцца да працаўніка беларускага МЗС, каб высветліць сітуацыю, былі беспаспяховыя.

21 верасня беларуская амбасада ў Маскве адмовіла ў візах таксама двум карэспандэнтам шведскага тэлеканалу TV4, нягледзячы на тое, што ў іх была акрэдытацыя на парламенцкія выбары.

belsat.eu

Стужка навінаў