Класкоўскі: Трэба змагацца ў існых умовах


Палітычны аглядальнік у “Гарачым каментары” выказаў думку, што байкот не ёсць добрым сродкам палітычнай барацьбы.

“Трэба змагацца ў гэтых умовах, а не казаць, што мы цяпер паляжым на канапе, а потым праз два гады мы ўсіх паб’ем на прэзідэнцкіх выбарах”, – падкрэсліў Аляксандр Класкоўскі.

На ягонае меркаванне, сёлетняя выбарчая кампанія праходзіць без інтрыгі ды не зачапіла электарат. “Сумная” кампанія, паводле палітычнага аглядальніка, сведчыць таксама пра тое, што інстытут выбараў у Беларусі канчаткова дэградаваў.{movie}Аляксандр Класкоўскі ў “Гарачым каментары”|right|6466{/movie}

“Розныя гульцы вядуць сваю гульню: вертыкаль запусціла свой канвеер, апазіцыя збольшага – таксама, а народ ідзе галасаваць, бо некага падганяюць, а хтосьці паводле савецкай завядзёнкі”, – адзначыў палітычны аглядальнік.

Эксперт дадаў, што электарат заўсёды разважае, якую выгаду атрымае падчас выбараў, а расцярушанасць апазіцыйных сілаў не стварыла ў людзей адзінага ўяўлення пра мэты апазіцыі. “Электарат разважае: а што мне з гэтага будзе, ці будзе масла, каб намазаць на хлеб?” – падкрэсліў Класкоўскі. Шмат хто з выбарцаў не знайшоў адказу на пытанні: а што будзе пасля выбараў? Што дасць байкот?

Пакуль жа, як адзначыў адмысловец, большасць задаволеная тым, што прапаноўваюць улады, і баіцца разарваць сацыяльны кантракт.

“Канечне, другою рукою ўлады гэта выграбуць, але пакуль электарат купляецца на гэтыя фанцікі”, – сказаў Класкоўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў