Затрыманы на Плошчы: Біць перасталі, толькі калі атрымаў прысуд


Вязні, якія адседзелі 10 дзён, распавядаюць, як з імі абыходзіліся.

29 снежня з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Менску пачалі выпускаць тых, хто атрымаў 10 дзён арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў дзень выбараў прэзідэнта. Іх сустракалі сваякі, сябры, праваабаронцы, прадстаўнікі грамадскасці. На волю выйшлі некалькі дзясяткаў чалавек.

Сярод іх – Аляксандр Ількевіч. “Узялі ў цэнтры плошчы: акружылі, і пасыпаўся град удараў дубінкамі. Такога збівання я не зведваў за ўсё сваё жыццё. Не першы раз мяне забіралі, але такой жорсткасці не бачыў. Білі і калі “прымалі”, і потым, у машыне. Пазней, калі асудзілі, ужо ніхто не чапаў, персанал ставіўся нармальна”, – распавёў ён.

Паводле іншага зняволенага, Міхаіла Кавалька, пасля затрымання іх больш як суткі не кармілі. “Не давалі не тое што спаць – нават прысесці. У камеру былі перадачы, але нічога з харчоў не прапускалі, толькі ў апошнія дзень-два шакалад даходзіў. Персанал скардзіўся: маўляў, вы нам працы дадалі”, – узгадвае Міхаіл Кавалько.

Паводле звестак праваабаронцаў, 29 снежня на волю мусяць выйсці прыкладна 300 чалавек, асуджаных на 10 дзён адміністратыўнага арышту. Апрача Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў яны ўтрымліваліся ў ізалятары ў Жодзіне (Менская вобласць) і ізалятары Менскага раёну.

belsat.eu

https://youtu.be/z-m3NqKw05o
https://youtu.be/tV3lKFCLHt0

Глядзі таксама
Каментары