Пачобут рыхтуецца да найгоршага


Папярэдняе следства ў справе журналіста працягнулі да 21 кастрычніка.

Следчы камітэт па Гарадзенскай вобласці патлумачыў падаўжэнне тэрміну следства неабходнасцю правесці дадатковыя следчыя дзеянні.

Андрэй Пачобут паўторна абвінавачваецца ў паклёпе на прэзідэнта паводле артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу. Як лічыць следства, у шэрагу публікацыяў, падрыхтаваных журналістам і распаўсюджаных інтэрнэт-рэсурсамі, «утрымліваліся паклёпніцкія выказванні ў дачыненні кіраўніка дзяржавы». Пачобута затрымалі 21 чэрвеня ў ягонай гарадзенскай кватэры. Пасля ператрусу яго павезлі ў пракуратуру, а затым змясцілі ў следчы ізалятар. 30 чэрвеня журналіста вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.

Андрэй Пачобут мяркуе, што ўлады Беларусі свядома адклалі працэс на пазнейшы тэрмін, бо не хочуць прыцягваць увагі грамадскасці і міжнароднай супольнасці да ціску на журналістаў. «Пасля парламенцкіх выбараў прэсаванне журналістаў адновіцца», – упэўнены Пачобут. Канец усёй справы ён бачыць у цёмных фарбах. «Я лічу, што трэба рыхтавацца да найгоршага – да турмы», – падкрэсліў журналіст.

Летась улетку Пачобута ўжо судзілі за паклёп на прэзідэнта. Тады суд Ленінскага раёну Горадні прысудзіў яму тры гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем выканання на два гады. Цяпер журналісту пагражае пакаранне ў выглядзе абмежавання або пазбаўлення волі да пяці гадоў.

Андрэй Пачобут не прызнае сябе вінаватым і адмовіўся ад дачы паказанняў следству.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары