Шэсць апазіцыйных структураў заклікаюць байкатаваць выбары (дадалося відэа)


Байкатаваць парламенцкія выбары заклікалі Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП), зарэгістраваная ў Чэхіі міжнародная арганізацыя «Малады фронт», аргкамітэты для стварэння партыяў «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) і «Беларускі рух», Беларускі незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці і Рада беларускай інтэлігенцыі.

Як растлумачыў 21 верасня на прэс-канферэнцыі ў Менску старшыня АГП Анатоль Лябедзька, заклік адрасаваны тым, хто яшчэ не вызначыўся наконт галасавання. «Мы заклікаем іх 23 верасня не ўдзельнічаць у фарсе. У іх ёсць альтэрнатыва – з’ездзіць да сваіх бацькоў у вёску, пайсці у лес у грыбы, падыхаць паветрам, парыбачыць. Гэта агульнае нашае пасланне, пасланне тых суб’ектаў, якія так або інакш разам працавалі падчас выбарчай кампаніі», – адзначыў палітык. {movie}Лябедзька: Самая жорсткая выбарчая кампанія|right|6461{/movie}

Сустаршыня аргкамітэту для стварэння БХД Віталь Рымашэўскі заявіў, што галоўным крытэрам пры ацэнцы выбараў па-ранейшаму застаецца наяўнасць у краіне палітвязняў і адміністратыўныя арышты актывістаў кампаніі байкоту. «Мы лічым, што ізаляцыя асноўных апанентаў рэжыму ад удзелу ў выбарчым працэсе – толькі гэта дазваляе прызнаць выбары незаконнымі», – падкрэсліў ён.

Намеснік старшыні «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка не змог прысутнічаць на прэс-канферэнцыі, бо хаваецца ад сілавых структураў, якія выказваюць павышаную ўвагу да ягонай асобы. Дземідзенка перадаў сваю заяву іншым удзельнікам сустрэчы з журналістамі. У ёй гаворыцца: «Паводле ўжо даўняй традыцыі, перад выбарамі пачынаецца ізаляцыя моладзевых актывістаў. Маладафронтавец Дзмітрый Крамянецкі ўжо за кратамі, спрабуюць ізаляваць і іншых сябраў «Маладога фронту». Чаго баіцца Лукашэнка? Адказу няма, гэта проста хвароба. Удзельнічаць у гэтых выбарах могуць толькі людзі з яўнымі праблемамі або ў стане афекту. Байкот быў і застаецца адзіным правільным рашэннем».

Палітыкі на прэс-канферэнцыі падкрэслілі: няўдзел у выбарах – гэта такое ж права грамадзяніна, як і ўдзел у іх.

belsat.eu

Стужка навінаў