Назіральнікі заяўляюць пра завышэнне яўкі ў Гомлі


Як паведаміў каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» па Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе № 34 Васіль Палякоў, на ўчастку № 19 гэтай акругі назіральнікі налічылі за тры дні 69 выбарнікаў, а камісія паказала іншую яўку – 147 чалавек.

За тры дні датэрміновага галасавання, паводле інфармацыі назіральнікаў з 28 участкаў, прагаласавалі 7 % выбарнікаў. Паводле звестак камісіяў, прагаласавалі 7,84 %.

На ўчастку № 15 Савецкай акругі назіральнік зафіксаваў за тры дні 99 чалавек, а камісія – 202. На ўчастку № 3 той жа акругі назіральнікі налічылі 49 выбарнікаў, камісія – 106.

«Зверху дадзеная ўстаноўка, што датэрмінова павінны прагаласаваць 25 % выбарнікаў, таму некаторыя камісіі, калі бачаць нізкую яўку, пачалі ўжо на гэтым этапе яе завышаць, нягледзячы на прысутнасць назіральнікаў. Практыка правядзення так званых выбараў абсалютна не адрозніваецца ад таго, што мы бачылі і два, і чатыры гады таму. Выбараў няма, ёсць прафанацыя, і людзі гэта даўно ўжо зразумелі. Таму мы і бачым, што там, дзе няма студэнцкіх інтэрнатаў, на ўчасткі прыйшлі ад 2 да 5 % за тры дні датэрміновага галасавання», – гаворыць каардынатар назірання.

Васіль Палякоў адзначыў, што высокая яўка за тры дні датэрміновага галасавання зафіксаваная назіральнікамі на студэнцкіх участках. Напрыклад, у інтэрнаце тэхнічнага ўніверсітэту ім. Сухога, паводле інфармацыі назіральнікаў, за тры дні прагаласавалі амаль 24 % выбарнікаў і крыху больш за 24 % – у Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі.

belsat.eu

Стужка навінаў