Зміцер Дашкевіч накіраваны ў Мазырскую калонію


Лідар міжнароднай арганізацыі “Малады фронт” і палітвязень Зміцер Дашкевіч этапаваны ў калонію № 20 у Мазыры.

Пра тое, што Дашкевіча этапавалі з Віцебскага следчага ізалятару, намесніца старшыні “Маладога фронту” Наста Палажанка даведалася яшчэ 19 верасня. Аднак у Віцебскім СІЗА адмовіліся паведаміць, куды накіравалі Дашкевіча.

Сёння Дэпартамент выканання пакаранняў адрэагаваў на запыт Палажанкі двухтыднёвай даўнасці пра тое, калі ды куды накіруюць Дашкевіча.

“Гэта значыць, яны да апошняга цягнулі з адказам і адказалі, калі Змітра ўжо перавялі”, – паведаміла Палажанка.

Яна адзначыла, што пасля прыбыцця ў Мазырскую калонію Дашкевіч будзе змешчаны ў каранцін. “Звычайна ў каранцін не даходзяць лісты, і адтуль нічога не прыходзіць. У кожнай калоніі каранцін свой. Колькі Зміцер там будзе, невядома. Напрыклад, пасля этапу ў калонію ў Горках Дашкевіч проста ў каранціне трапіў у штрафны ізалятар”, – распавяла Палажанка.

28 жніўня Глыбоцкі раённы суд на закрытым выязным паседжанні ў калоніі № 13 райцэнтру прызнаў Дашкевіча вінаватым у “злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы” (ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэксу) і прысудзіў яго да 1 года пазбаўлення волі. У тэрмін пакарання ўлучылі чатыры месяцы, якія апазіцыянеру заставалася адбыць у калоніі паводле першай крымінальнай справы.

У калоніі Глыбокага лідар “Маладога фронту” адбываў пакаранне ў справе, заведзенай у канцы 2010 г. Напярэдадні апошніх выбараў прэзідэнта, 18 снежня 2010 г., Дашкевіча і ягонага таварыша з арганізацыі Эдуарда Лобава затрымалі, абвінаваціўшы ў збіванні двух мужчынаў, за што Дашкевіч атрымаў 2 гады калоніі.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Дашкевіча і Лобава палітычнымі вязнямі.

belsat.eu

Стужка навінаў