Прадпрыемствы не маюць грошай на прышчэпкі супраць грыпу для працаўнікоў


У Вілейцы некалькі прадпрыемстваў адмовіліся аплачваць вакцынацыю супраць грыпу для сваіх працаўнікоў, спаслаўшыся на адсутнасць грошай. Асноўную частку вакцыны для масавай імунізацыі насельніцтва супраць сезоннага грыпу аплачвае бюджэт. На астатнія, паводле распараджэння мясцовых органаў, мусіць даць грошы працадаўца.

Сённяшні кошт прышчэпак ад грыпу даходзіць да 400 000 рублёў. Гэтак, у 34-й паліклініцы Менску за двухфазную прышчэпку трэба заплаціць 407 000, за трохфазную – 202 500 рублёў.

У Беларусі плануюць прышчапіць ад вірусаў грыпу 35 % насельніцтва. У Менску гэты лік складае 660 000 чалавек, у Вілейцы – 18 500. Бясплатная вакцынацыя прадугледжаная для 82 % ад гэтай колькасці. З бюджэту аплацяць вакцыны для дзяцей, часткі школьнікаў і студэнтаў, пенсіянераў і працаўнікоў некаторых сфераў грамадскага абслугоўвання. Міністэрства аховы здароўя плануе, што астатнія 18 % насельніцтва аплацяць вакцыны самі або грошы дадуць іхныя працадаўцы.

Няма грошай на ўколы

Для стымуляцыі шчодрасці працадаўцаў мясцовыя органы ўлады выпусцілі адмысловыя распараджэнні. Як паведаміла выданню kraj.by эпідэміёлаг Вілейскага раённага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі Алена Полаз, кіраўнікам прадпрыемстваў трэба падпісаць дамову з шпіталем на правядзенне платнай імунізацыі і рэалізаваць яе да 1 снежня.

Не ва ўсіх кіраўнікоў прадпрыемстваў знайшліся сродкі. Гэтак, катэгарычна адмовіліся аплачваць вакцыны Вілейская ЖКГ і “Вілейкарайгаз” УП “Менскаблгаз”. З той жа прычыны не будуць прышчапляцца працаўнікі Вілейскага малочнага камбінату. На гэты момант у Вілейцы 11 гарадскіх прадпрыемстваў падпісалі дамовы на платную вакцынацыю працаўнікоў.

У Вілейскім раёне толькі 2 % арганізацый афіцыйна лічацца стратнымі. Між тым, агульная пратэрмінаваная запазычанасць у крэдытах і пазыках у раёне складае 661 млн рублёў.

belsat.eu

Стужка навінаў