Карэспандэнту “Знамя юности” пагражае палітычнае звальненне


Алесь Ляўчук атрымаў ліст ад рэдакцыі, у якім патрабуецца, каб ён напісаў заяву аб звальненні “на ўласнае жаданне”.

Берасцейскі рэгіянальны карэспандэнт працуе ў газеце “Знамя Юности” чатыры месяцы. Да гэтага нараканняў на ягоную працу не было. Прычынаю звальнення стала адмова выконваць рэдакцыйнае заданне.“Я мусіў напісаць, як добра ў нас праходзяць выбары; праводзіць апытанні берасцейцаў, дзе яны маюць расказваць, як яны адзінагалосна падтрымліваюць дзейнага прэзідэнта. Імёны альтэрнатыўных кандыдатаў называць забаронена. У любым матэрыяле толькі пазітыў. А апошнім разам мяне прасілі асудзіць Плошчу. Пісаць на гэтыя тэмы я адмовіўся”, – паведаміў Алесь Ляўчук.

Тады рэдакцыя накіравала свайму працаўніку ліст, у якім паведамляецца наступнае: “У адпаведнасці з рашэннем галоўнага рэдактара Яўгена Канстанцінавіча Мялешкі, вам неабходна напісаць заяву на звальненне з сённяшняга дня”.

У рэдакцыі газеты адмаўляюцца каментаваць палітычнае звальненне журналіста. Намеснік рэдактара Вольга Ярашэнка забараніла працаўнікам даваць хоць якія-небудзь каментары, а сама заявіла, што “ніякая прэса не мае права ўмешвацца ў справы рэдакцыі “Знамя юности”.

Нагадаем, “Знамя юности” – грамадска-палітычнае выданне для моладзі, заснаванае Міністэрствам адукацыі ды БРСМ.

belsat.eu

Стужка навінаў