Вольга Карач: Міністр унутраных справаў мусіць папрасіць прабачэння ў жанчын


Віцебская ініцыятыва «Наш Дом» хоча змяніць стаўленне беларускай міліцыі да жанчын. Больш за тое, дамагчыся таго, каб міністр унутраных справаў папрасіў прабачэння перад усімі жанчынамі за паводзіны сваіх падначаленых.

«Падчас затрыманняў жанчыны чуюць ад міліцыянтаў пагрозы згвалтавання, нават асабісты дагляд часам праводзяць міліцыянты-мужчыны, што недапушчальна», – гаворыць Вольга Карач, кіраўніца ініцыятывы «Наш Дом», і ў якасці прыкладу прыводзіць масавыя затрыманні падчас Плошчы-2010.

Паводле Вольгі Карач, барацьба жанчын за свае правы ў Беларусі мае доўгую гісторыю. «І, на жаль, гэта сумны і цяжкі шлях, якім прайшлі спачатку сваякі зніклых, пазней – палітзняволеных, і тыя жанчыны, якім не абыякавы лёс краіны, якія самыя пачалі займацца грамадскай і палітычнаю дзейнасцю», – падкрэслівае яна. Вольга Карач упэўненая, што раней ці пазней кіраўніцтву МУС давядзецца афіцыйна папрасіць прабачэння перад усімі жанчынамі Беларусі за рэпрэсіі ды недапушчальныя паводзіны з боку міліцыянтаў.



У межах кампаніі «Асцярожна, міліцыя!» ініцыятыва выдала каляндар «Ізаляцыя» і паштоўку, прысвечаную «выпуску 10-й камеры ІЧУ Менскага раёну». Менавіта ў гэтай камеры пасля разгону Плошчы ўтрымлівалі 15 жанчын.



Размалёўка “Мой тата міліцыянт. Чым ён займаецца на працы”.

Рэжым трымаецца на жанчынах?

Паводле Вольгі Карач, цяпер улада Аляксандра Лукашэнкі мае двое «крылаў». У «мужчынскае» ўваходзяць сілавікі і ўвесь рэпрэсіўны апарат. Другое «крыло» – жаночае.

«Каля 80 % складу выбарчых камісіяў, дзе адбываюцца фальсіфікацыі, – гэта жанчыны. Жанчыны-суддзі таксама прымалі палітычна матываваныя рашэнні, калі судзілі ўдзельнікаў Плошчы-2010, – зазначае грамадская дзяячка. – З іншага боку, дэмакратычная супольнасць таксама трымаецца на жанчынах. Жанчыны раздаюць улёткі і газеты, жанчыны збіраюць подпісы, носяць перадачы палітзняволеным. Аднак пры гэтым яны застаюцца «нябачнымі».

belsat.eu

Стужка навінаў