Галоўны трэнер «Ліля»: Мы перажылі кашмар


«Мы перажылі кашмар», – заявіў галоўны трэнер французскага «Ліля» Рудзі Гарсія, каментуючы паражэнне ад барысаўскага БАТЭ (1:3) у стартавым матчы групавога этапу Лігі чэмпіёнаў УЕФА.

«Каб атрымаць больш дакладнае ўяўленне пра матч, трэба прагледзець запіс, але мне здаецца, што ў першым тайме мы маглі гуляць значна лепш. На шчасце, у другой палове была рызыка, самалюбства і гонар», – падсумаваў Гарсія.

Паводле яго, беларусы ў першым тайме дзеялі вельмі эфектыўна, забіўшы тры мячы пасля «трох або чатырох удараў». «Мы саступалі ў дуэлях і ў руху, у арганізацыі абароны. Першы блін камяком, – прызнаў Гарсія. – Будзем спадзявацца, што гэта выпадковасць, не трэба ўпадаць у роспач, але гэта насцярожвае, трэба шукаць развязанні».

Ганчарэнка: Першы тайм быў ідэальны

«Гэта гістарычная для нас падзея, я ганаруся камандаю. Напэўна, ніхто не чакаў, што мы зможам атрымаць першую перамогу ў Лізе чэмпіёнаў у матчы на выездзе з моцным французскім клубам, які ў нядаўнім мінулым быў чэмпіёнам», – гаворыць галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка.

Ён прызнаўся, што лік 3:0 пасля першага тайму мог быць толькі ў самых смелых марах. «Мы прасілі каманду быць спакойнаю, добра працаваць з мячом. Мы маем дастатковы вопыт, каб гуляць падобным чынам», – адзначыў ён. У перапынку ў Ганчарэнкі, паводле яго, не было ніякага замяшання, як весці гульню далей. «Мы прасілі ў такім жа ключы і працягваць, гаварылі, як дзеяць на палове поля саперніка, і я ганаруся тым, як каманда на гэта рэагавала. Нам трэба было проста трымаць той узровень гульні, які мы паказалі ў першым тайме», – падкрэсліў трэнер.

Адказваючы на пытанні французскіх медыяў на прэс-канферэнцыі, ён пацвердзіў, што каманда правяла першы тайм ідэальна, правільна пераходзячы ад абароны да атакі і адыходзячы з-пад прэсінгу саперніка. «У нас дастаткова класу, каб паказваць гульню, якую мы паказалі сёння. Цяпер нельга сказаць, што гэта гарантуе нам выхад з групы, наперадзе яшчэ пяць гульняў, але малы крок наперад зроблены», – заявіў Ганчарэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў