Беларусь пастаўляла Асаду выбухоўнікі для авіябомбаў?


Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі ў дачыненні дзяржаўнага знешнегандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Белзнешпрамсэрвіс» паводле падазрэння ў пастаўках зброі ў Сірыю.

У прэс-рэлізе амерыканскага міністэрства гаворыцца, што супраць «Белзнешпрамсэрвісу» ўведзеныя санкцыі за сувязі з Бюро армейскага забеспячэння, якое ўваходзіць у структуру Міністэрства абароны Сірыі ды закупляе зброю, у тым ліку ракетную тэхніку. Паводле інфармацыі ЗША, «у сакавіку 2011 г. Бюро армейскага забеспячэння рыхтавалася атрымаць ад «Белзнешпрамсэрвісу» выбухоўнікі для авіябомбаў».

{movie}Аматарскае відэа: Сірыя: сілы Асада бамбяць пазіцыі паўстанцаў|left|6436{/movie}«Авіябомбы выкарыстоўваліся ўзброенымі сіламі Сірыі апошні раз у ліпені 2012 г. пры бамбаванні Халебу (Алепа), гэта было часткаю скаардынаваных дзеянняў урадавых войскаў для запалохвання апазіцыі», – паведаміла Міністэрства фінансаў ЗША.

«Крокі, якія мы сёння распачалі, закліканыя спыніць плынь зброі ды сістэмаў сувязі кіроўнаму рэжыму Сірыі, а таксама перадухіліць іх выкарыстанне супраць насельніцтва Сірыі», – заявіў намеснік міністра фінансаў ЗША ў пытаннях барацьбы з тэрарызмам і фінансавай выведкі Дэйвід Коэн.

Увядзенне такіх санкцыяў азначае, што «Белзнешпрамсэрвіс» не зможа мець ніякіх справаў з амерыканскімі ўрадавымі або прыватнымі структурамі, а рахункі кампаніі ў банках ЗША будуць замарожаныя.

«Белзнешпрамсэрвіс» – дзяржаўнае экспартна-імпартнае прадпрыемства, якое прапаноўвае ўвесь спектр паслугаў у распрацоўванні, вытворчасці, мадэрнізацыі, рамонце, рэалізацыі ўзбраення, ваеннай тэхнікі, ваенна-тэхнічнай маёмасці, іх камплектавальных элементаў, спецыяльнага тэхналагічнага абсталявання і матэрыялаў. «Белзнешпрамсэрвіс» прапаноўвае паслугі беларускага навуковага і вытворчага патэнцыялу, новыя тэхналогіі вытворчасці і аднаўлення дэталяў, метады дыягностыкі і рамонту, варыянты мадэрнізацыі, а таксама стварэнне супольнай вытворчасці.

belsat.eu

Стужка навінаў