У Менску асудзілі актывістаў, якія ўчора хацелі раздаць боршч (Абноўлена)


У судзе Фрунзенскага раёну Менску пачаліся працэсы ў справах затрыманых удзельнікаў пікету для раздавання баршчу «ад Лідзіі Ярмошынай».

Чацвярых актывістаў «Zмены», моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду!», абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (артыкул 23.34 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – арышт на 15 дзён.

Аляксандра Арцыбашава судзіць Дзмітрый Лукашэвіч, Паўла Вінаградава – Наталля Каровіна, Ганну Курловіч і Ягора Віняцкага – Людміла Лапо.

Першай асудзілі Ганну Курловіч – яе пакаралі штрафам памерам 20 баз. вел. (2 млн руб.).

Аляксандра Арцыбашава асудзілі на 10 дзён арышту.

Ягор Віняцкі правядзе пад арыштам 7 дзён.

Павел Вінаградаў пакараны 12-дзённым арыштам.

Як паведамляе сайт кампаніі «Гавары праўду!», на працэс хацеў трапіць лідар кампаніі Уладзімір Някляеў, але яго не прапусцілі ў памяшканне, дзе ідзе суд.

Актывісты «Zмены» планавалі 18 верасня правесці акцыю, раздаючы боршч мінакам каля ўніверсаму «Фрунзенскі» ў Менску. Удзельнікі пікету паспелі дастаць рондаль, распаліць газніцу і раскласці ўлёткі, пасля чаго акцыю разагналі невядомыя ў цывільным. Невядомыя затрымалі ўдзельнікаў пікету, а таксама журналістаў, што асвятлялі акцыю. Усіх даставілі ва УУС Фрунзенскага раёну Менску. З апаратуры журналістаў выдалілі фота- і відэаздымкі, зробленыя падчас акцыі. Праз пару гадзінаў журналістаў адпусцілі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары