Таццяна Бублікава на свабодзе


29 снежня выйшла на свабоду Таццяна Бублікава.

Незалежную журналістку, якая супрацоўнічае з тэлеканалам “Белсат“. затрымалі АМАПаўцы 19 снежня падчас акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў на плошчы Незалежнасці ў Менску. Яе асудзілі на 10 дзён арышту. Акрамя яе затрымалі і асудзілі іншых журналістаў якія супрацоўнічаюць з “Белсатам” – Цімафея Каспяровіча – на 12 дзён і Змітра Саўку на 15 дзён арышту.

У турме Таццяна разам з іншымі сукарменіцамі абвесціла галадоўку пратэсту супраць умоваў утрымання.

Таццяна Бублікава, якая выйшла на волю пасля 10 сутак арышту, распавяла Беларускай Асацыяцыі Журналістаў пра абставіны свайго затрымання і падзеі наступных дзён і начэй.



Таццяна Бублікава працуе на Кастрычніцкай плошчы 19 снежня. Фота Аляксандра Зянкова

«А палове на дванадццатую мы с калегамі скончылі працаваць і нават адышлі ад плошчы. Мы былі разам з аператарам і мантажорам, пачуваліся даволі спакойна, але раптам заўважылі АМАПаўцаў, якія ішлі ланцугом.

Тады, узяўшыся за рукі, мы з Цімам Каспяровічам рушылі да ўваходу ў гандлёвы цэнтр “Сталіца”, але там ужо ўсё таксама было занята міліцыяй. Мы папрасілі, каб нас прапусцілі да ўваходу ў метро. У адказ пачулі спакойнае: “Пачакайце, зараз пройдзеце”.

І мы чакалі… Ажно пакуль не пад’ехалі аўтобусы і нас не пачалі падштурхоўваць у іх бок. Не білі, толькі штурхалі…

Праз пэўны час аўтобус быў набіты людзьмі. Я бачыла, як аднаго хлопца выцягнулі на снег. Ён быў непрытомны, вакол хадзілі АМАПаўцы, не ведаючы, што рабіць.

Потым нас сталі вазіць па горадзе. Спачатку, здаецца, прывезлі на Акрэсціна. Некалькі гадзін мерзлі пад будынкам — з аўтобусаў не выпускалі. Потым павезлі ў Кастрычніцкі РАУС. Вось тут і пачалося сапраўднае пекла…

Дзве гадзіны я сядзела ў нейкіх сутарэннях, потым мяне пацягнулі на асабісты дагляд. Узгадала пра “памятку” БАЖ — якія правы маю. Пачала адразу ж патрабаваць пратакол затрымання. Ні слова ў адказ — проста пацягнулі ў “дзяжурку”. Там я і сядзела ля адчыненага акна да 9-й раніцы.

Вельмі хацелася вады, стамілася, хацела ўрэшце даведацца, што адбываецца, у чым вінавацяць. Ніхто нічога не казаў.

Зранку зноў павялі ў нейкі пакой, дзе сядзелі з дзесятак міліцыянтаў. Прывялі жанчыну-міліцыянтку, якая павінна была зрабіць асабісты дагляд. Я зноў спрабавала адмовіцца, патрабуючы паважаць мае правы і спачатку скласці пратакол затрымання.

Дагляд зрабілі гвалтоўна. Прысутныя міліцыянты рагаталі, гледзячы, як я крычу і плачу. Пагражалі згвалтаваць, калі не супакоюся. А ў мяне была сапраўдная істэрыка. Ужо не магла спыніцца.

Павыкідвалі ўсе рэчы з торбы. Пабачылі інструкцыю ад рэдакцыі, дзе было прапісана заданне, напісана, з якой місіяй мы ідзем працаваць на плошчу. Адзін з міліцыянтаў з прозвішчам Калеснікаў Н.В. паглядзеў на тую паперку і толькі ўсміхнуўся: “Что тут у нас, корреспондент?”

Далей – болей. Прыйшлі браць адбіткі пальцаў. Яшчэ былі сілы змагацца, адмаўлялася, сціснула кулакі. Але што мае сілы? Гвалтам распласталі мае пальцы, потым яшчэ шэсць дзён сіняк не сыходзіў…

Калі павялі на фатаграфаванне, адчувала сябе і выглядала ўжо як мярцвяк…

Апошняй інстанцыяй у РАУС быў пакой, дзе складалі пратакол затрымання. Той самы, які павінен быць першым… Пісалі, што на плошчы я крычала: “Сыходзь! Жыве Беларусь!”. Што не слухалася папярэджанняў… Ледзьве скончыла пісаць свае пярэчанні ў той пратакол, як павезлі ў суд.

Там, дзякаваць Богу, дазволілі адвакату бараніць мяне. Спачатку нават падалося, што ўсё скончыцца вельмі хутка.

Перажытая ноч была такой страшнай, што вырашыла прыкінуцца хоць рабом, хоць кім — абы выйсці з гэтага будынку… Прызнала сваю віну, пагадзілася з тым, што крычала, удзельнічала… Але хто б нас там слухаў? Суддзя на мае “шчырыя” прызнанні ўвагі не звярнула – 10 сутак…

Пакуль чакалі суда, іншыя дзяўчаты распавядалі, што ім трапіліся нейкія добрыя міліцыянты, нават частавалі бутэрбродамі. Мне, на жаль, пашэнціла менш.

У параўнанні з тымі, хто здзекаваўся з нас усю ноч, у СІЗА Мінскага раёна працуюць амаль што анёлы. Яны не крычалі матам, не пагражалі гвалтам, нават дазволілі адаслаць нашы апошнія СМС…

У камеры, ужо амаль у ноч з 20 на 21 снежня, далі кубак гарбаты і нейкую катлетку. Нарэшце прылегла…

Безумоўна, наступныя 10 дзён лёгка не даліся. Першыя дні не прымалі перадачаў, не было вады, прапаноўвалі піць з крана, а яна там цёплая, брыдкая.

Часта па камерах хадзіў сам начальнік СІЗА — пытаўся, ці ёсць скаргі. Мы скардзіліся найперш на тое, што людзі хварэюць, а ў медыкаў няма нічога, акрамя аспірыну і ёду. Ведалі, што лекі нам з волі перадаюць, але яны да нас не даходзілі — нават вітаміны.

Але больш за тыя вітаміны, за садавіну хацелася вестачак з волі, інфармацыі — што там адбываецца. Бадай што самы кранальны момант быў, калі знайшлі цыдулку ў мандарыне…».



Сустрэча Таццяны Бублікавай (злева) 29 снежня, фота Ю. Дарашкевіч, nn.by

Журналістам патрэбная вашая салідарнасць. Заахвочваем дасылаць паштоўкі і лісты на адрасы:

Зміцер Саўка, утрымліваюць у СІЗА ў Жодзіна, адрас г. Жодзіна, вул. Савецкая 22а

Цімафей Каспяровіч, Знаходзіцца ў спецпрыёмніку Акрэсціна. Адрас: 220089, г. Мінск, зав. Акрэсціна 36

Стужка навінаў