З-за нізкіх заробкаў гомельскія аўтобусы засталіся без кандуктараў


Дагэтуль пасажыры гомельскіх аўтобусаў не ведалі, што такое квіткі на 1 паездку – ва ўсіх без выключэння аўтобусах працавалі кандуктары. Увосень некалькі гарадскіх маршрутаў пазбавіліся паслугі. Няма каму працаваць, тлумачаць у аўтобусным парку.



Людзей замянілі на кампосцеры



У грамадскага транспарту Гомля была свая адметнасць: калі хочаш ехаць на тралейбусе, набывай талончык, калі на аўтобусе, плаці кандуктару. Апошнія працавалі ва ўсіх без выключэння аўтобусах гораду. З пачаткам восені аўтобусны парк вызваліў ад кандуктараў некалькі маршрутаў з-за дэфіцыту працоўных рук. Як паведамляе газета “Вечерний Гомель” , з-за недахопу кадраў кандуктарам даводзілася працаваць 1,5–2 змены, бо ёсць толькі 110 кандуктараў пры патрэбе 150. На абвесткі пра вакансіі кандуктара грамадскага транспарту ўжо некалькі месяцаў ніхто не адгукаецца. За даволі цяжкую працу прапанаваны месячны заробак складае каля 2–2,5 млн.

Гарадскі аўтапарк адмовіўся ад працы кандуктараў на маршрутах № 13, № 13а, № 21, № 21а. Ды, усталяваўшы кампосцеры, увёў у продаж талончыкі на адну паездку адмыслова для гэтых маршрутаў,. У астатніх гарадскіх аўтобусах па-ранейшаму працуюць кандуктары.



Дзе жывуць багатыя кандуктары?

Заробак кандуктара залежыць ад прададзеных квіткоў. Таму для больш-менш адэкватных грошай давядзецца працаваць 1,5–2 змены. Працадаўцы ў абвестках аб вакансіях так і пазначаюць: праца ў 2 змены.



Мапа заробкаў кандуктараў у Беларусі

Паводле маніторынгу кандуктарскіх вакансіяў, што правяла служба інфармацыі “Белсату”, найбольшы заробак кандуктар можа атрымаць у Менску. Тут абяцаюць 3 і нават 4 мільёны за 2 змены ў трамваі. Найменей плоцяць у Стоўбцах, Светлагорску і Берасці – па 1,4 і 1,5 мільёны.

У сярэднім па краіне заробак кандуктара складае 2 мільёны. Прычым велічыня аплаты працы не залежыць ад памераў гораду. Да прыкладу, у Маладзечне прапаноўваюць 2,4 мільёна, у Барысаве – 2,8 мільёна, а ў буйнейшым Віцебску – 2,5 мільёна. Ды што паказальна, у Берасці завуць працаваць усяго за 1,5 мільёна.

belsat.eu

Стужка навінаў