Дворнікам загадалі прыбіраць плакаты апазіцыйных кандыдатаў


Да жарсцяў палітычнай барацьбы далучыліся сталічныя дворнікі. Працаўнікам камунальных службаў загадалі здзіраць плакаты апазіцыйных кандыдатаў з публічных стэндаў. Пра гэта службе інфармацыі “Белсату” паведаміў апазіцыйны кандыдат Валер Ухналёў.

Злодзей з мятлою

Намеснік старшыні апазіцыйнай партыі “Справядлівы свет” Валер Ухналёў – кандыдат у дэпутаты па Коласаўскай акрузе № 106 у Менску. Тут, акрамя Ухналёва, у дэпутаты ідуць яшчэ 5 чалавек, але на выбарнікаў з агітацыйных плакатаў паглядае толькі адзін. Гэта галоўны доктар мясцовай паліклінікі Дзмітрый Шаўцоў, якога апазіцыянеры называюць праўладным стаўленікам.

Валер Ухналёў у інтэрв’ю службе інфармацыі “Белсату” паведаміў, што ягоная каманда двойчы на дзень аб’язджае пункты, дзе дазволілі вешаць агітацыйныя матэрыялы. І яны рэгулярна не знаходзяць раней павешаных плакатаў. Сдіраюць усе матэрыялы, акрамя плакатаў спадара Шаўцова. У некаторых месцах агітацыйныя матэрыялы трымаюцца дзень-два, а шмат дзе знікаюць ужо апоўдні.

“Дзмітрый Шаўцоў – праўладны кандыдат. Гэта мы добра ўсведамляем – зважаючы на паводзіны ўладаў. Яны робіць усё на ягоную карысць. Я сёння зранку паехаў па месцах для друкаванай агітацыі, дзе ўвечары былі матэрыялы і ягоныя, і мае. Практычна паўсюль засталіся толькі ягоныя плакаты”, – распавядае спадар Ухналёў.

Злавілі за руку

Валерый Ухналёў дакладна ведае, хто здзірае агітацыйныя плакаты апазіцыянераў: “Я гэта дакладна ведаю, людзі прызнаюцца, але не называюць прозвішчаў, каб мы іх агучвалі. Такі загад атрымалі працаўнікі камунальных службаў, яны здзіраюць не толькі мае матэрыялы, але і іншых кандыдатаў. Нашыя іншыя кандыдаты лавілі іх за руку. Тыя адказваюць, што быў такі загад, і мы яго і выконваем”.

Паводле назіранняў спадара Ухналёва, не паўсюль дворнікі старанна выконваюць палітычны загад. Руплівасцю адзначаюцца працаўнікі на пляцоўцы каля “Макдоналдсу” і ўніверсаму “Рыга”, што на вуліцы Сурганава.

belsat.eu

Стужка навінаў