Распачалося датэрміновае галасаванне


Сёння распачалося датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. Прагаласаваць датэрмінова можна будзе цягам пяці дзён, з 10-й да 14-й і з 16-й да 19-й гадзіны.

Акруговымі камісіямі былі зарэгістраваныя 363 кандыдаты ў дэпутаты. 11 чалавек Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў пасля разгляду іхных скаргаў на адмову ў рэгістрацыі. Яшчэ адзін кандыдат, Віктар Цярэшчанка, быў зарэгістраваны пасля рашэння Вярхоўнага Суда, які скасаваў рашэнне ЦВК аб адмове ў рэгістрацыі.

Аднак 15 верасня Аб’яднаная грамадзянская партыя і Партыя БНФ правялі з’езды, на якіх вырашылі зняць сваіх кандыдатаў з выбараў.

Як паведаміў сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік, датэрміновае галасаванне ў Беларусі ў параўнанні з іншымі кранамі праходзіць на працягу “дастаткова кароткага прамежку часу”. “У краінах Еўропы, дзе практыкуецца правядзенне датэрміновага галасавання, у сярэднім гэты перыяд роўны двум тыдням. У ЗША перыяд галасавання залежыць ад заканадаўства канкрэтнага штату. Напрыклад, у некаторых штатах гэта два-тры тыдні, недзе – месяц, а максімальная працягласць галасавання ў адным са штатаў – два з паловаю месяцы. У нас жа вельмі непрацяглы тэрмін. Аднак чамусьці місія БДІПЧ АБСЕ лічыць за неабходнае скараціць або наагул скасаваць датэрміновае галасаванне”, – заўважыў Лазавік.

“Не грэх нагадаць” студэнту пра датэрміновае галасаванне

Сакратар ЦВК не стаў прагназаваць яўкі выбарцаў на датэрміновае галасаванне. “Магу сказаць, што Цэнтральная камісія не рэкамендуе фарсаваць датэрміновага галасавання ў сельскай мясцовасці, але ўмовы для гэтага мусяць быць створаныя. Мы рэкамендуем больш увагі надаваць арганізацыі датэрміновага галасавання ў гарадской мясцовасці, дзе больш маладога мабільнага насельніцтва, дзе студэнты, маладыя рабочыя ў выходны дзень імкнуцца паехаць за горад, дапамагчы завяршыць сельскагаспадарчыя працы або проста адпачыць”, – сказаў Лазавік.

З гэтай жа прычыны, зазначыў ён, у студэнцкіх і рабочых інтэрнатах “трэба не проста стварыць умовы для датэрміновага галасавання, але і не грэх, калі кіраўнік нагадае маладому выбарцу, што прагаласаваць можна і датэрмінова”.

У сваю чаргу незалежныя назіральнікі мяркуюць, што датэрміновае галасаванне – найбольш зручны час для фальсіфікацыяў, у прыватнасці, шляхам укідання выбарчых бюлетэняў у скрыні.

{movie}Сяргей Калякін: “Прэсуюць” назіральнікаў і кандыдатаў|left|6391{/movie}Назіральнікі заклікаюць паведамляць пра парушэнні

За хадою галасавання будзе весціся дастаткова актыўнае міжнароднае і нацыянальнае назіранне. Паводле стану на 17 верасня Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў 682 міжнародныя назіральнікі. Найбольш масавыя місіі міжнародных назіральнікаў ад СНД і Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, ад якіх акрэдытаваныя адпаведна 340 і 263 чалавекі.

У нацыянальным назіранні будуць браць удзел як прадстаўнікі праўладных, гэтак і незалежных структураў. Незалежныя назіральнікі праводзяць дзве вялікія кампаніі – “За справядлівыя выбары” і “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Напрыклад, кампанія “За справядлівыя выбары” мае намер арганізаваць назіранне на тысячы ўчасткаў ва ўсе дні датэрміновага галасавання і ў дзень выбараў.

У сваю чаргу “Праваабаронцы за свабодныя выбары” заклікалі грамадзянаў паведамляць пра ўсе факты прымусу да датэрміновага галасавання па электроннай пошце elections2012@spring96.org.

belsat.eu

Стужка навінаў