Мусульманскі свет захлынаецца ў пратэстах і гвалце


Акцыі пратэстоўцаў скіраваныя супраць фільму «Бязвіннасць мусульманаў» пра найсвяцейшую постаць ісламу – прарока Мугамада. Еўразвяз сур’ёзна заклапочаны бяспекаю сваіх дыпламатаў.



У Інданезіі паліцыя ўжылі слезацечны газ і вадамёты для разгону сотняў дэманстрантаў, якія сабраліся каля будынку амбасады ЗША ў Джакарце. Пратэстоўцы спалілі амерыканскі сцяг, аднаго паліцыянта паранілі камянямі. Некалькі дэманстрантаў затрыманыя.{movie}Пратэсты ў Інданезіі супраць фільму пра прарока|right|6376{/movie}

У Хартуме (Судан) каля пяці тысячаў нападнікаў атакавалі амбасады Вялікай Брытаніі ды Нямеччыны. Ім удалося пракрасціся на тэрыторыю нямецкай амбасады і сарваць сцяг краіны.

Некалькі дзён таму ў Бэнгазі (Лівія) у выніку атакі на консульства ЗША загінулі чатыры асобы, у тым ліку амерыканскі амбасадар у гэтай краіне.

Напады і акцыі пратэсту прайшлі таксама перад місіямі ЗША і ЕЗ у Егіпце, Судане, Емене, Нігерыі, Пакістане, Турцыі ды ў шэрагу іншых мусульманскіх краінаў. Амаль усюды дэманстранты паляць амерыканскія сцягі, скандуюць антызаходнія лозунгі.

Еўразвяз заклікаў улады ісламскіх дзяржаваў забяспечыць абарону дыпламатычнаму корпусу.{movie}Пратэсты ў Пакістане супраць фільму пра прарока|right|6377{/movie}

Найвышэйшая прадстаўніца ЕЗ у вонкавапалітычных пытаннях Кэтрын Эштан асудзіла напады на заходнія амбасады ў краінах Блізкага Усходу і Афрыкі. “Я сачу за развіццём падзеяў з глыбокаю заклапочанасцю і заклікаю ўлады ўсіх закранутых пратэстамі краінаў неадкладна загарантаваць бяспеку дыпламатычным місіям і абарону іх персаналу”, – гаворыцца ў заяве спн. Эштан.

Фільм “Бязвіннасць мусульманаў”, працягласцю ўсяго 13 хвілінаў, зняты ў Каліфорніі, паказвае прарока Мугамада ў сатырычным святле. Мусульманскія вернікі ўспрымаюць гэтую стужку як кпін з іхных рэлігійных пачуццяў. У ісламе любая выява прарока лічыцца праяваю блюзнерства.

belsat.eu

Стужка навінаў