Ці атрымае Катар беларускую зямлю?


Прэс-служба прэзідэнта не змагла пракаментаваць сапраўднасці ўказу аб выдаванні Катару зямельных участкаў на будаўніцтва рэзідэнцыі ды паляўнічых вальераў.

“Прэс-служба прэзідэнта не валодае інфармацыяй аб указах прэзідэнта для службовага карыстання, да нас паступаюць толькі адкрытыя дакументы”, – заявіў кіраўнік прэс-службы Павел Лёгкі.

Сёння інтэрнэт-рэсурс “Беларускі партызан” апублікаваў копію распараджэння Менскага аблвыканкаму пад грыфам “Для службовага карыстання”. З дакументу вынікае, што ён прыняты ў адпаведнасці з указам прэзідэнта ад 9 ліпеня 2012 г. “Аб выдаванні Дзяржаве Катар зямельных участкаў на будаўніцтва рэзідэнцыі ды паляўнічых вальераў”.

Менаблвыканкаму супольна з зацікаўленымі ведамствамі даручана да 31 снежня 2012 г. перадаць Катару зямельныя ўчасткі для рэзідэнцыі ды паляўнічых вальераў разам з неабходнаю інфраструктураю ў Смалявіцкім і Лагойскім раёнах Міншчыны.

Зямельны ўчастак для рэзідэнцыі перадаецца Катару “ва ўласнасць на бязвыплатнай аснове”, а ўчасткі для будаўніцтва паляўнічых вальераў – “у арэнду тэрмінам на 99 гадоў без спагнання платы за права падпісання арэндных дамоваў”.

«Катарскі востраў у Еўропе»

У кастрычніку 2011 г. у інтэрнэце ўжо быў выкладзены пратакол даручэнняў пад грыфам “Для службовага карыстання” па выніках візіту Лукашэнкі ў Катар 15–16 жніўня таго ж года.

У дакуменце гаварылася пра перадаванне беларускіх зямельных надзелаў прадстаўнікам кіроўнай сям’і Катару, а таксама пра стварэнне ў Беларусі прамысловай зоны “Катарскі востраў у Еўропе”, дзе будуць размешчаныя катарскія банкі, дзелавыя і культурныя цэнтры арабскіх краінаў.

Акрамя гэтага пратакол утрымліваў даручэнні ўраду стварыць супольныя прадпрыемствы для здабычы калійных соляў, жалезнай руды, вытворчасці комплексных угнаенняў ды імпарту ў Беларусь катарскага звадкаванага газу.

Сапраўднасць пратаколу прэс-служба прэзідэнта таксама не каментавала.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары