«Гавары праўду!» не здымаецца з выбараў (+ стэнаграма нарады)


Кандыдаты на дэпутатаў, якіх падтрымлівае кампанія, прагаласавалі за ўдзел у выбарах падчас нарады ў “Скайпе”.

Галасавалі таксама тыя, каго не зарэгістравалі кандыдатам. Вынік: 19 галасоў “за” і 4 “супраць”. Кіраўніцтва кампаніі “Гавары праўду!” ўдзелу ў галасаванні не брала.

“Калі ўвязаліся, то трэба ісці да фіналу. Людзі самі кажуць, што ў адваротным выпадку на выбарах не будзе альтэрнатывы”, – абгрунтаваў сваё рашэнне Ігар Маслоўскі, кандыдат у дэпутаты Берасцейскай-Цэнтральнай выбарчай акругі № 2.

“Збор подпісаў паказаў, што людзі не вераць ні ўладам, ні апазіцыі ў існым фармаце, а нам паверылі. Таму трэба працягваць удзельнічаць у выбарах, тым больш калі змагаешся з праўладным кандыдатам”, – лічыць Аляксандр Мікулін, кандыдат у дэпутаты Віцебскай-Чкалаўскай акругі № 18.

Зміцер Бандарчук, кандыдат у дэпутаты Гарадзенскай-Занёманскай выбарчай акругі № 49, лічыць, што працяг патрэбны, бо “значная частка выбарцаў пазнаёміцца з кандыдатамі непасрэдна ў дзень галасавання”.

Стэнаграма ўсёй нарады даступная на сайце кампаніі.

Апазіцыя ўнутры “ГП!”: хто супраць?

Сяргей Парсюкевіч, якога не зарэгістравалі кандыдатам у Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе № 20, упэўнены, што “працягваць удзел у фарсе сэнсу няма”, і заклікаў калегаў здымацца: “Нашае зняцце пакажа нашую прынцыповую пазіцыю. І не трэба, спадары зарэгістраваныя кандыдаты, уводзіць у зман сябе і людзей”.

А што на гэта начальства?

Каментар намесніка старшыні кампаніі “Гавары праўду!” Андрэя Дзмітрыева: “Я веру, што адзіны спосаб пераменаў у Беларусі – гэта зрабіць палітыку для беларусаў патрэбнаю і цікаваю. Тады мы можам разлічваць на давер грамадзянаў і ў тую хвіліну, калі ад іх будзе залежаць будучыня Беларусі. Мы першапачаткова гаварылі ім праўду пра гэтыя выбары, не мелі ніякіх ілюзіяў. Мы казалі, што застанемся ў акругах і працягнем працаваць”.

15 верасня сваіх кандыдатаў вырашылі зняць з выбараў Партыя БНФ і Аб’яднаная грамадзянская партыя.

belsat.eu

Стужка навінаў