Лазавік: За каго ж цяпер галасаваць тым, каму падабаюцца АГП і БНФ?


Цэнтрвыбаркам перажывае за электрарат і называе рашэнне апазіцыйных партыяў зняць сваіх кандыдатаў з парламенцкіх выбараў сведчаннем іх недальнабачнасці і непавагі да выбарцаў.

“З аднаго боку, партыя, якая не ўдзельнічае ў выбарах, проста выракае сябе на забыццё. Але і такі ўдзел, які прадэманстравалі БНФ і АГП, – гэта найперш непавага да выбарцаў, гэта здзек з закону і з тых грамадзянаў, якія, магчыма, і хацелі б аддаць свой голас за прадстаўнікоў нейкіх палітычных партыяў”, – заявіў агенцтву “Интерфакс-Запад” у панядзелак сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

Чыноўнік заявіў, што зняцце каля 60 кандыдатаў ад апазіцыі дадасць арганізатарам выбараў “крыху дадатковай працы ў выкрэсліванні гэтых прозвішчаў [з бюлетэняў. – interfax.by]”. З іншага боку, заўважыў ён, цяпер прасцей будзе лічыць галасы: “Адна справа, калі ў акрузе ідзе пяць чалавек, а іншая – тры, што спрашчае падлік галасоў”, – сказаў Мікалай Лазавік, заўважыўшы, што ЦВК была да гэтага гатовая, так што ніякіх праблемаў гэта не створыць.

Паводле чыноўніка, рашэнні АГП і БНФ не паўплываюць на прызнанне выбараў назіральнікамі ад АБСЕ. “Я ўжо даўно прыйшоў да высновы, што прызнанне або непрызнанне выбараў не залежыць ад таго, як праходзяць самі выбары. Тут зусім іншыя крытэрыі – яны ў галіне палітычнай кан’юнктуры, а не выканання заканадаўства і міжнародных стандартаў”, – адзначыў сакратар ЦВК Беларусі.

У суботу на з’ездах Партыя БНФ і Аб’яднаная грамадзянская партыя вырашылі зняць сваіх кандыдатаў з удзелу ў выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Агулам на гэтых парламенцкіх выбарах да рашэння зняць кандыдатаў ад БНФ і АГП (каля 60 кандыдатаў. – interfax.by), было зарэгістравана больш за 360 кандыдатаў на 110 дэпутацкіх месцаў. Асноўны дзень галасавання – 23 верасня.



belsat.eu

Стужка навінаў