«Слінгашэсце» ў Горадні


16 верасня больш за 20 мамаў і татаў арганізавана прайшлі ад Драматычнага тэатру да Пакроўскага сабору. Удзельнікаў акцыі аб’ядноўвае слінг – адмысловая пераноска для малых дзяцей.

«Людзі, якія бачылі нас па дарозе, усміхаліся. Некаторыя падыходзілі і цікавіліся, чаму мы носім дзіця ў слінгу, а не возім у вазку», – расказала «Белсату» арганізатарка шэсця, слінгакансультантка Ганна Кузьняцова.

Такім чынам гарадзенскія бацькі – аматары слінгаў паказалі перавагі выкарыстання адмысловых пераносак для дзяцей у параўнанні з вазкамі.

Шэсце было заключнаю падзеяй Міжнароднага тыдня слінганашэння ў Горадні. 15 верасня арганізатары зладзілі гульню, сямейны слінга-квэст, у якім узялі ўдзел 10 камандаў. Таксама цягам тыдня ў Горадні прайшлі сустрэчы, дзе ўсе ахвотныя маглі атрымаць кансультацыю, як правільна выкарыстоўваць слінг.

У Беларусі Міжнародны тыдзень слінганашэння праходзіць трэці раз. Імпрэзу прыдумала грамадская арганізацыя «Babywearing International» у 2008 г.

belsat.eu

Стужка навінаў