Пра што Лукашэнка гутарыў з Пуціным у Сочы?


У летняй рэзідэнцыі кіраўніка Расеі Бачароў Ручай у Сочы прайшла сустрэча “без гальштукаў” Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі.

Адкрываючы перамовы, расейскі лідар сказаў, звяртаючыся да свайго калегі з Беларусі: “Рады магчымасці пагутарыць з вамі, спадзяюся, тут вы з задавальненнем праведзяце некалькі дзён”.

Паводле Пуціна, ён разлічваў абмеркаваць з Лукашэнкам двухбаковыя сувязі ды ўзаемадзеянне ў межах Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы Расеі, Беларусі ды Казахстану. {movie}Леў Марголін: Лукашэнка паехаў па крэдыты|right|6360{/movie}

Лукашэнка ў сваю чаргу зазначыў: “Я хацеў бы паінфармаваць вас і пра сітуацыю ў нас, і пра сітуацыю на нашай агульнай мяжы: не такая яна добрая, на жаль, з гледзішча міграцыі”. Размова ідзе аб міграцыі на Захад, патлумачыў ён. Паводле кіраўніка Беларусі, усплёск міграцыі вельмі моцны, але прычыны гэтага няясныя.

Напярэдадні Пуцін, сустракаючыся ў Сочы з губернатарам Растоўскай вобласці Васілём Голубевым, паведаміў, што на спатканні з Лукашэнкам абмяркуе ўвядзенне ўтылізацыйнага збору на сельгастэхніку замежнай вытворчасці. “Я думаю, што і Беларусь зацікаўленая, каб такія ж захады падтрымання рэалізаваліся. Яны нас таксама падтрымаюць, я маю на ўвазе, у межах Адзінай эканамічнай прасторы”, – сказаў прэзідэнт Расейскай Федэрацыі.

Эканаміст Леў Марголін мяркуе, што Лукашэнка перш за ўсё дамаўляўся з кіраўніком Расейскай Федэрацыі пра чарговыя траншы Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. „Можа, закрануць пытанне і пра растваральнікі”, – лічыць эксперт. Паводле Марголіна, Расея і Беларусь маглі вырашаць пытанне што да раздзелу сродкаў ад продажу нафтапрадуктаў за мяжу.

belsat.eu

Стужка навінаў