Штраф за беларускія кнігі (Абноўлена)


Затрыманага ўчора галоўнага рэдактара “Arche” Валера Булгакава абвінавачваюць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

Булгакава затрымалі падчас прэзентацыі кнігі “Саветызацыя Заходняй Беларусі” працаўнікі міліцыі ды падатковай інспекцыі, якія нечакана ўварваліся на імпрэзу. Паводле відавочцаў інцыдэнту, падатковыя інспектары цікавіліся выданнем часопісу і запатрабавалі, каб рэдактар паехаў з імі на аўтамабілі.

Сябры Булгакава выказалі меркаванне, што яго павезлі ў падатковую інспекцыю Ленінскага раёну, на тэрыторыі якога затрымалі, і адправіліся туды, аднак ні ў адным з вокнаў будынку не гарэла святло.

Пазней жонка Булгакава паведаміла ягоным сябрам: Валер пазваніў сам, яго аштрафавалі і адпусцілі.

Паводле наяўнай інфармацыі, у дачыненні Булгакава склалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Падстава для абвінавачання – продаж на прэзентацыі 25 кніг.

Дзень суда пакуль не прызначылі, разгляд мае прайсці ў Гаспадарчым судзе Гарадзенскай вобласці. Булгакаву пагражае штраф і канфіскацыя кніг.

belsat.eu

Стужка навінаў