Праціўнікі казіно пагражаюць байкатаваць выбары


У акрузе, дзе за байкот агітаваў Анатоль Лябедзька, на выбары можа не прыйсці цэлы ўчастак.

Жыхары вул. Мельнікайтэ і Шпалерная пратэстуюць супраць будаўніцтва ў двары дамоў казіно і паркінгу. Сёння яны разам з актывістамі кампаніі “Гавары праўду!” падалі ў Менскі гарвыканкам і Менгарсавет скаргу на незаконнае ўшчыльненне дваровай тэрыторыі.

Калі менскія ўлады не адрэагуюць на заяву, жыхары маюць намер байкатаваць выбары ў Палату прадстаўнікоў. Пра гэта паведаміў актывіст “Гавары праўду!” Міхаіл Пашкевіч. На вул. Мельнікайтэ ўжо існуюць шэсць казіно, і будаўніцтва сёмага ў дваровых тэрыторыях зусім натуральна выклікала пратэст жыхароў, лічыць ён.

{movie}Міхаіл Пашкевіч: праціўнікі казіно пагражаюць байкотам|left|6346{/movie}“Калі жыхары звярнуліся па тлумачэнні, ім паведамілі, што грамадскае абмеркаванне гэтага праекту прайшло два гады таму, і ніхто не выступіў супраць будаўніцтва аб’екту. Гэта зусім не так – ніхто з жыхароў і не чуў пра грамадскае абмеркаванне”, – сказаў Міхаіл Пашкевіч. Таму цяпер жыхары за адзін вечар сабралі каля 100 подпісаў з патрабаваннем скасаваць рашэнне аб будаўніцтве казіно і правесці грамадскія слуханні.

У Менгарвыканкаме подпісы прынялі, аднак пры спробе запісацца на прыём да мэра Мікалая Ладуцькі паведамілі, што прыём на 15 верасня “ўжо сфармаваны”. Калі кіраўніцтва гораду за тыя дні, што засталіся да выбараў, не пойдзе насустрач пратэстоўцам, яны адкажуць байкотам, інфармуе актывіст “Гавары праўду!”.

“Рэч у тым, што гэта акруга, у якой лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька агітуе за байкот выбараў. І калі тры дамы ў поўным складзе не прыйдуць на выбары, то тут Лябедзьку і старацца не трэба – на адным участку байкот яму забяспечаны”, – заявіў Міхаіл Пашкевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў