Сяргей Балыкін: Апазіцыі няма чаго прапанаваць выбарнікам


«Існы ў Беларусі аўтарытарны рэжым пабудаваў такую ж аўтарытарную неэфектыўную эканоміку, якая цалкам і поўнасцю залежыць ад вонкавых уліванняў. У гэтых умовах апазіцыя павінна, на мой погляд, прапанаваць народу годную альтэрнатыву і артыкуляваць найперш эканамічныя праблемы», – мяркуе кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін.

На думку Балыкіна, апазіцыя не мае шанцаў на гэтых парламенцкіх выбарах, як і на любых іншых, бо ёй няма чаго прапанаваць людзям. Пра гэта ён заявіў на круглым стале ў Маладзечне 14 верасня. «Сёння людзей хвалююць найперш эканамічныя праблемы, а ў эканамічных праблемах большасць актывістаў тытульнай апазіцыі бездапаможная», – падкрэсліў ён.

Апаненты ўлады «не лепшыя» за праўладных прадстаўнікоў

Паводле яго, апазіцыя вельмі шмат гаворыць пра рынак і рэформы. «Іншая рэч, што прадэманстраваць сваю здольнасць праводзіць рэформы і будаваць эфектыўную рыначную эканоміку большасць апазіцыйных актывістаў не ў стане, – канстатаваў Сяргей Балыкін. – Дастаткова пачытаць эканамічныя праграмы ды іншыя дакументы беларускіх партыяў. З праўладнымі арганізацыямі ўсё ясна – іх ідэалагічная зашоранасць бачная няўзброеным вокам. Але і іх апаненты не нашмат лепшыя».

Як зазначыў Балыкін, на першы погляд у дакументах апазіцыі ўсё правільна, «але, калі прыгледзецца, можна знайсці мноства супярэчнасцяў і нестыковак». Але ж рыначная эканоміка, падкрэсліў ён, патрабуе ясных і празрыстых фармулёвак. «Усялякія супярэчнасці і ва ўмовах рынку непазбежна прывядуць да злоўжыванняў і пераразмеркавання ўласнасці на карысць нешматлікіх без павышэння эфектыўнасці эканомікі. Прычым іронія заключаецца ў тым, што пладамі зменаў паводле сцэнару апазіцыі пакарыстаюцца зусім не барацьбіты з рэжымам, а найперш дзялкі, набліжаныя да цяперашняй улады», – мяркуе эксперт.

Бездань ці тупік?

Балыкін заяўляе, што існы ў Беларусі рэжым непазбежна вядзе эканоміку ў бездань, апазіцыя ж у якасці альтэрнатывы прапаноўвае тупік. «Зразумела, што выбарнік не верыць ні тым, ні гэтым і спрабуе проста выжыць, не ўнікаючы ў высокія матэрыі. У такіх умовах агітаваць насельніцтва за байкот выбараў або за барацьбу за сумленныя выбары цалкам дарэмна, таму намаганні апазіцыі не прывядуць да якіх-небудзь сур’ёзных зменаў», – упэўнены эксперт.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары