Што адбудзецца 23 верасня?


«Фарс», «байкот», «выбары ў Раду» – беларусы рыхтуюцца да найважнейшай палітычнай падзеі года.

23 верасня ў Беларусі пройдуць выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў – пра гэта можна прачытаць на разнастайных расцяжках, плакатах і стэндах, пачуць па радыё і тэлебачанні, знайсці інфармацыю ў інтэрнэце. Аднак здымачная група БелаПАН вырашыла праверыць, ці ў курсе менчукі, што мае адбыцца, і ці збіраюцца ўзяць у падзеі ўдзел.{movie}Што адбудзецца 23 верасня?|right|6335{/movie}

Людзі на менскіх вуліцах ставяцца да выбараў па-рознаму. Шмат менчукоў нават не чулі пра выбары і не ведаюць, што яны адбудуцца 23 верасня. «Інфармацыі практычна ніякай», – сказала адна з апытаных. Былі і такія, што пра выбары ведаюць, але нічога ад іх не чакаюць ды нават збіраюцца байкатаваць. «Адбудзецца чарговы фарс», – пракаментавала жанчына.

Былі названыя розныя варыянты прадстаўнічага органу, у які выбіраюцца дэпутаты, – адзін з мінакоў упэўнены, што выбары адбудуцца ў «Раду».

Некаторыя з апытаных заявілі, што ўдзел ў выбарах – гэта іхны грамадзянскі абавязак. «Я заўсёды хаджу галасаваць. Лічу, што трэба галасаваць!» – казалі жыхары сталіцы.

Студэнтам пра парламенцкія выбары нагадала адміністрацыя вучэльні, якая «запрасіла» іх прагаласаваць датэрмінова: «Пойдзем ад ВНУ галасаваць у гэтую пятніцу – нам ужо гаварылі не раз’язджацца».

belsat.eu

Стужка навінаў