Фільм «Палута Бадунова» прэзентавалі ў Менску


14 верасня, у дзень прэм’еры на тэлеканале “Белсат” дакументальна-мастацкай стужкі “Палута Бадунова. Успомніць і не забыць”, яе публічны паказ быў арганізаваны і ў Менску.

Некалькі дзясяткаў гледачоў атрымалі DVD-дыскі з фільмам, а таксама магчымасць задаць пытанні рэжысёру Валерыю Мазынскаму, гісторыку Уладзіміру Ляхоўскаму і Ларысе Шчыраковай, якая выконвала ў сцэнах гістарычнай рэканструкцыі ролю Палуты Бадуновай, першай беларускай жанчыны-міністра (ва ўрадзе БНР).

Першаю рэплікаю пасля таго, як ў зале, дзе адбыўся паказ, запалілі святло, стала фраза кагосьці з гледачоў: “Нагадвае лёсы сучасных змагароў!”. “Я і здымаў кіно пра гэта”, – адказаў Валерый Мазынскі.

Гісторык Уладзімір Ляхоўскі адзначыў, што Мазынскаму ўдалася спроба рэстаўрацыі часу.

Што тычыцца асобы Бадуновай, то, паводле гісторыка, мала хто гэтак служыў ідэі, Беларусі, як нашая “жалезная лэдзі”, бо ўласныя амбіцыі шмат каго з тагачасных лідараў захіналі сутнасць справы. Зрэшты, як і цяпер, мяркуе Ляхоўскі.

Паралелі з сучаснасцю правёў і рэжысёр, адказваючы на рэпліку аднаго з гледачоў, што фільм пакідае пачуццё песімізму, бо амаль за сто гадоў нічога не змянілася ў беларускай справе: рука Масквы, пераслед актывістаў, няздольнасць лідараў дамовіцца.

“А пра які аптымізм можна гаварыць? Трэба гаварыць праўду. Мы сабачыліся, сабачымся і будзем сабачыцца, пэўна. Часта кажам пра Адраджэнне, але варта гаварыць пра нараджэнне нацыі: усё нараджаемся – і не можам нарадзіцца. Але ж можна жыць? Так і жывём. Прызвычаіліся да ўсяго”, – эмацыйна гаварыў Валерый Мазынскі.

Ларыса Шчыракова адзначыла, што цяпер, калі ідзе працэс нацыяўтварэння, краіне патрэбныя нацыянальныя героі. Фільм “Палута Бадунова” – пра аднаго з іх.

Разам з тым, гэта не нейкі ідэальны вобраз. У фільме паказана, што і “жалезныя лэдзі” плачуць. Варта паглядзець гэтую стужку, каб даведацца – чаму.

Стужка навінаў