Алеся Бяляцкага намінавалі на прэмію Сахарава


Зняволены беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі намінаваны на прэмію Еўрапарламенту імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі». Спіс намінантаў размешчаны на сайце Еўрапарламенту.

За вылучэнне Бяляцкага на атрыманне гэтай прэміі падпісаліся польскі дэпутат Яцэк Сар’юш-Вольскі, ініцыятар намінацыі, і яшчэ 82 еўрапарламентарыі.

Акрамя Бяляцкага ў спісе расейскі панк-гурт «Pussy Riot», праваабаронцы з Пакістану і Руанды, а таксама адвакат і рэжысёр з Ірану.

Прэмія імя Сахарава заснаваная Еўрапарламентам у 1988 г. Яна прысуджаецца людзям і арганізацыям, якія прысвячаюць сваё жыццё і дзейнасць абароне правоў чалавека ды яго свабодаў, перш за ўсё свабоды слова. Намінантаў на прэмію «За свабоду думкі» вылучаюць дэпутацкія фракцыі Еўрапарламенту або групы дэпутатаў, якія мусяць сабраць у падтрыманне свайго кандыдата не менш за 40 подпісаў.

Прадстаўнікі Беларусі ўжо атрымлівалі Сахараўскую прэмію: у 2004 г. прэміі ўдастоілі грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў», а ў 2006 г. – экс-кандыдата на прэзідэнта Аляксандра Мілінкевіча.

Уручэнне сёлетняй прэміі «За свабоду думкі» адбудзецца 12 снежня.

belsat.eu

Стужка навінаў