Элегантнасць родам з Беларусі


Дызайнерка з Менску адчыніла фірму ў Польшчы і заваёўвае сваімі вырабамі свет.

Юлія Фарботка, нарадзінка беларускай сталіцы, шые ў польскім Свідніку арыгінальныя торбы і жаночыя сукенкі з вышыўкай у фальклорным стылі. Усе вырабы Юліі карыстаюцца папулярнасцю не толькі ў Польшчы, але таксама ў Нямеччыне, ЗША, Расеі, Беларусі ды нават на Тайвані. Самыя вытанчаныя модніцы не супраць пакрасавацца на еўрапейскіх вуліцах з торбаю, якую спраектавала Юлія.

Кліенты падкрэсліваюць высокую якасць прадукцыі маркі «Farbotka», адмысловую каляровую гаму і арыгінальныя ўзоры. Сваё натхненне дызайнерка чэрпае з беларускіх народных узораў і матываў, падкрэсліваючы, што «хоць і звязвае сваю будучыню з Польшчаю, аднак не цураецца родных каранёў».

Прыехаўшы на вучобу ў Люблін, дзяўчына занялася вырабам біжутэрыі, якую потым прадавала на рынку ў турыстычным мястэчку Казімеж-Дольны, каб папоўніць сціплы студэнцкі бюджэт. З часам у яе з’явілася ідэя пашыць арыгінальныя торбы – сябры і знаёмыя былі ў захапленні ад новай прадукцыі. Поспех дадаў Юліі творчага імпэту, і яна вырашыла заснаваць сваю фірму, у якой на сённяшні момант працуюць тры асобы.

Асартымент фірмы «Farbotka» даволі багаты – элегантныя і спартовыя торбы, дзявочыя сукенкі, разнастайныя футаралы для ноўтбукаў і мабільных тэлефонаў ды г.д.

Сёлета Юлія запланавала новую калекцыю адзення, якая будзе выкананая цалкам у беларускім стылі – пры аздабленні будзе выкарыстаны арнамент з вышыўкі на беларускіх ручніках.

Не застануцца без увагі і мужчыны, для якіх фірма «Farbotka» пашые адмысловыя скураныя сумкі з мінімалістычным, але элегантным узорам. Дзяўчына плануе таксама выйсці са сваім таварам на бразільскі рынак.

Зусім нядаўна ў люблінскім гатэлі «Grand Hotel» Юлія Фарботка адчыніла шоў-рум, дзе можна палюбавацца, а таксама набыць яе прадукцыю.

belsat.eu

Стужка навінаў