Спікераў АГП зацэнзуравалі. Партыя адказала пікетам


33 звароты кандыдатаў у дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі не выйшлі ў эфір. Пра гэта падчас перадвыбарнага пікету пяці спікераў АГП заявіў старшыня партыі Анатоль Лябедзька.

Пікет АГП адбыўся ўвечары 13 верасня каля сталічнага гандлёвага цэнтру «Рыга». Паводле паведамленняў на сайце Аб’яднанай грамадзянскай партыі, ён сабраў агулам каля 500 менчукоў. У дыскусіях удзельнічалі кандыдаты-спікеры партыі Анатоль Лябедзька, Станіслаў Багданкевіч, Ганна Канапацкая, Мікалай Казлоў і Уладзімір Раманоўскі. Актывісты АГП раздавалі мінакам улёткі з заклікам не хадзіць на выбарчыя ўчасткі і не галасаваць.

Адказ на цэнзуру

Выступаючы перад прысутнымі, Лябедзька заявіў, што правядзенне гэтага пікету – своеасаблівы адказ на нявыхад у эфір «нават тых выступленняў, якія доўжыліся пяць хвілінаў, дый тое ў запісы і пад цэнзураю».

Ён зазначыў, што за чатыры гады цяперашняе, IV скліканне Палаты прадстаўнікоў распрацавала толькі тры законапраекты. «Гэта ўсё адно, калі б рабочы заводу «Гарызонт» за чатыры гады сабраў тры тэлевізары, але зарплату атрымаў за чатыры гады», – сказаў Лябедзька. Таксама ён адзначыў, што ніводзін чалавек не змог назваць трох дзейных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. «Хоць гэта тыя, за каго мы нібыта галасавалі ўсяго чатыры гады таму», – падкрэсліў палітык.

Анатоль Лябедзька заявіў, што такая сітуацыя склалася таму, што дэпутаты не выбіраюцца, а прызначаюцца: «Таму мы здымаемся з псеўдавыбараў і заклікаем вас не хадзіць і не галасаваць на гэтых выбарах».

Тым жа, каго прымусяць прыйсці на выбары, ён прапанаваў галасаваць супраць усіх кандыдатаў у дэпутаты, «якімі б сімпатычнымі вам яны ні здаваліся». Астатніх жа заклікаў данесці гэты сцэнарый да сваіх блізкіх і знаёмых.

belsat.eu

Стужка навінаў