Атакі на амбасады ЗША ва ўсім свеце


Мусульмане нападаюць на дыпламатычныя прадстаўніцтвы ЗША на знак пратэсту супраць сатырычнага фільму пра прарока Мугамэда.

Узмацнілі ахову ў дыпламатычных прадстаўніцтвах Злучаных Штатаў ва ўсім свеце – мусульмане агрэсіўна пратэстуюць супраць парадыйнага фільму “Мугамэд, прарок мусульманаў”, які выклікаў вялізны скандал.

У Лівіі ў выніку атакі тэрарыстаў на консульства ЗША загінулі чацвёра дыпламатаў. Цяпер амерыканскія спецслужбы высвятляюць, ці быў гэта спланаваны напад да ўгодкаў тэракту ў Вашынгтоне, ці рэакцыя ісламістаў на фільм пра Мугамэда.{movie}Матэрыял “Белсату” з жывога эфіру інфармацыйна-публіцыстычнага “Блоку”|right|6317{/movie}

У Емене дэманстранты атакавалі амбасаду ў Сане, пратэстуючы супраць абразлівай для іхных рэлігійных пачуццяў стужкі. Каб выгнаць нападнікаў, паліцыя ўжыла сілу і страляла ў паветра.

У егіпецкай сталіцы гэтаю ноччу амбасаду зноўку закідалі камянямі ды кактэйлем Молатава. Дэманстранты падпалілі паліцэйскае аўта, якое вартавала дыпламатычную пляцоўку. Пратэсты працягваюцца ў Марока, Тунісе ды іншых краінах.

Мусульманскія вернікі заклікаюць арыштаваць і пакараць стваральнікаў скандальнага фільму. Акторы, баючыся помсты мусульманаў, кажуць, што не ведалі канчатковай версіі фільму. У сцэнары, які яны мелі, ішла гаворка пра гістарычны фільм у Аравійскай пустэльні.

Сюжэт і акцэнты ў фільме змяніліся пасля мантажу і пераагучвання. Паказальна, што рэкламаю фільму займаўся скандальна вядомы пастар з Флорыды Тэры Джоўнз, які раней ладзіў спальванне Карана.

Здымкі фільму пра ісламскага прарока каштавалі мільёнаў долараў. Галоўная ідэя стужкі, са словаў Джоўнза, – выявіць дэструктыўнасць ісламу. Прарок паказаны ў сатырычным вобразе – як жанчынаненавіснік і распуснік.

belsat.eu

Стужка навінаў