«Архімандрыта» ўзнагародзілі на Міжнародным фестывалі хрысціянскіх фільмаў


Дакументальны фільм “Архімандрыт” рэжысёра Юрыя Каліны знялі ў беластоцкім аддзеле Польскага грамадскага тэлебачання TVP S.A. на замову “Белсату”. Здымаў фільм аператар Раман Васілюк.

На фестывалі “Magnificat’2012” стужку ўзнагародзілі за слушнае адлюстраванне ролі святара ў сучасным жыцці.

Фільм распавядае пра архімандрыта Гаўрыіла – праваслаўнага манаха, беларуса з Падляшша ў Польшчы. Ён заснаваў ля ракі Нарвы скіт Кудак, дзе пражыў некалькі гадоў у малітвах – без электрычнасці, водаправоду, без сувязі з вонкавым светам.

Праз пяць гадоў пасля заснавання “пустэльні” мясцовыя праваслаўныя дапамаглі паставіць там драўляную царкву, дом для манахаў ды іншыя гаспадарчыя пабудовы. Неардынарная асоба манаха-пустэльніка Гаўрыіла прыцягвае паломнікаў, з кожным ён імкнецца знайсці агульную мову, дае карысныя духоўныя парады, лечыць зёлкамі ды мёдам са сваёй пасекі.

Але найбольшы клопат для архімандрыта – тое, што ён пакуль не можа знайсці сабе пераемніка: у сучасным свеце цяжка застацца сапраўдным манахам-пустэльнікам, бо тады трэба адмовіцца ад камфорту цывілізацыі, ад кантактаў з блізкімі…

Гэта не першая ўзнагарода фільму. Раней яго адзначылі “за аператарскае майстэрства” на XI Міжнародным фестывалі дакументальных фільмаў “Кінолітопис-2012” у Кіеве. “Архімандрыт” атрымаў таксама статуэтку “Залаты Мэльхіёр” у катэгорыі “Натхненне года” на Агульнапольскім конкурсе дакументалістаў Польскага радыё “Melchiory’2012”.

belsat.eu

Стужка навінаў