Да Дашкевіча не пусцілі адваката


Паводле нявесты палітвязня Насты Палажанкі, абаронца меў намер наведаць Дашкевіча 12 верасня.

«Аднак адвакату адмовілі ў сустрэчы з дзвюх прычынаў. Па-першае, быццам бы ў адміністрацыі калоніі няма даведкі пра тое, што прысуд, вынесены Дашкевічу 28 жніўня, уступіў у законную сілу. Насамрэч прысуд уступіў у сілу яшчэ 11 верасня, а калі у іх няма даведкі – гэта не наша праблема», – заявіла Палажанка.

Другою прычынаю адмовы паслужыла тое, што Дашкевіч нібыта не напісаў заяву на сустрэчу з адвакатам. «Гэта няпраўда. Зміцер яшчэ ў глыбоцкай калоніі напісаў дзве заявы на сустрэчу – адну ён выслаў у віцебскае СІЗА поштаю, другую папрасіў далучыць да матэрыялаў асабістай справы. Ці гэтыя заявы былі знішчаныя ў Глыбокім, або кіраўнік віцебскага СІЗА схлусіў», – мяркуе нявеста палітвязня.

Яна адзначыла, што аналагічная сітуацыя здарылася з Дашкевічам год таму: калі ён быў у СІЗА, адваката да яго не пускалі каля двух месяцаў. «Не выключана, што і цяпер адміністрацыі ізалятару ёсць што хаваць», – кажа дзяўчына.

28 жніўня Глыбоцкі раённы суд на закрытым выязным пасяджэнні ў калоніі № 13 райцэнтру прызнаў Дашкевіча вінаватым у «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» (ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэксу) і прысудзіў яго да года пазбаўлення волі. У тэрмін пакарання ўключаныя чатыры месяцы, якія апазіцыянеру заставалася адбыць у калоніі паводле першага прысуду.

У калоніі Глыбокага лідар «Маладога фронту» адбываў пакаранне паводле крымінальнай справы, адкрытай у канцы 2010 г. Напярэдадні апошніх выбараў прэзідэнта, 18 снежня 2010 г., Дашкевіча і ягонага таварыша па «Маладым фронце» Эдуарда Лобава затрымалі ў Менску паводле абвінавачванні ў збіцці двух мужчынаў. У сакавіку 2011 г. Дашкевіч быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Дашкевіча і Лобава палітычнымі вязнямі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары