Як удзельнічаць у няісным?


Вулічныя дэбаты, якія зарганізавала ўчора ў Менску кампанія «Гавары праўду!», яшчэ раз пацвердзілі: цікаўнасць да парламенцкіх выбараў у краіне блізкая да нуля.

Магчыма, вядома, і болей людзей затрымлівалася б каля пікету, аднак аператары невядомага тэлебачання ў цывільным знеахвочвалі мінакоў далучацца да размоваў пра будучыню краіны.

Аднак, паводле лідара кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева, праводзіць агітацыю трэба і ў гэтых умовах.

«Мы ўдзельнічаем у выбарах не дзеля таго, каб перамагчы, бо гэта немагчыма. А перадусім для таго, каб сказаць людзям тое, што мы сказалі сёння: калі мы не будзем актыўна ўдзельнічаць ува ўсіх палітычных працэсах, усё застанецца, як ёсць», – падкрэсліў ён.



Унутраная барацьба

Апазіцыя падзялілася яшчэ да вылучэння кандыдатаў на выбары. Адныя хацелі байкатаваць, другія – удзельнічаць, а трэція – байкатаваць часткова. Было відавочна, што досвед прэзідэнцкіх выбараў – 2010 быў хутка забыты і ў чарговую электаральную кампанію апазіцыя пойдзе рознымі шляхамі.

«Вельмі шкада, што апазіцыя не прыняла агульнага рашэння. Не важна, якое б яно было – важна, каб яно было адзінае. Па сутнасці, мы сёння змагаемся не з рэжымам, які ўжо цяпер фальсіфікуе выбары, а самі з сабою», – зазначыў Някляеў.

Магчыма, таму чэрвеньскае даследаванне грамадскай думкі паказала, што ажно траціна выбарнікаў, хоць і не падтрымлівае дзейнай улады, за традыцыйную апазіцыю галасаваць таксама не збіраецца. Мы ўжо спрабавалі скласці прыкладны партрэт гэткага кандыдата, якога дарэчы, паводле адмыслоўцаў, не варта і чакаць.

Ні выбараў, ні выбарчай кампаніі

Не толькі раздробленасць апазіцыі ды людзі ў цывільным адбіваюць цікаўнасць да палітычных падзеяў у краіне. Як паказваюць нашыя апытанні, беларусы не толькі не вераць у тое, што іхны голас штосьці значыць , але і не могуць узгадаць , каб ім калісьці дапамагла праца дэпутатаў.

Палітолаг Уладзімір Мацкевіч зазначае, што перадусім улады душаць усякую цікаўнасць да палітычных падзеяў у краіне.

«Вось гэты пікет мала хто заўважыў. Але людзі ходзяць каля філармоніі праз плошчу Якуба Коласа штодня. І калі яны праходзяць, ці яны заўважаюць, што ў краіне ідзе электаральная кампанія? – Не! Калі мы гаворым «у нас няма выбараў», то ў нас няма і самой выбарчай кампаніі», – падкрэсліў эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў