АБСЕ: давярай, але правярай


Прэзідэнт парламенцкай асамблеі АБСЕ Рыкарда Мільёры паабяцаў “выключна станоўча” ацаніць парламенцкія выбары ў Беларусі, калі ЦВК сапраўды дасць указанні ўчастковым камісіям працаваць “у духу адкрытасці і празрыстасці”.

“Мы сапраўды доўга размаўлялі са старшынёй ЦВК на тэмы, якія тычацца беларускага выбарчага заканадаўства. Самы важны момант заключаўся ў абяцанні, якое было нам дадзена, аб допуску міжнародных назіральнікаў на выбарчых участках туды, дзе будзе праводзіцца падлік і апрацоўка бюлетэняў“, — сказаў Мільёры.

У большасці выпадкаў апошнімі гадамі на беларускіх выбарах “бачылі тое, чаго не назіраецца практычна ні ў адной іншай краіне: у момант падліку галасоў назіральнікам прапаноўвалі адысці на дыстанцыю 15—20 метраў ад стала, дзе праводзілася апрацоўка даных”, адзначыў прэзідэнт ПА АБСЕ.

“Калі я ў пачатку жніўня ў Рыме сустракаўся з міністрам Мартынавым, ён мне сказаў, што гэта адбывалася з-за недастатковага разумення нейкіх момантаў старшынямі ўчастковых камісіяў”, — сказаў Мільёры.

Акрамя таго, паведаміў ён, на сустрэчы з кіраўніком ЦВК Лідзіяй Ярмошынай прадстаўнікі ПА АБСЕ хацелі даведацца, чаму так мала апазіцыянераў уключана ў выбарчыя камісіі і якія прычыны адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам лідара руху “За Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2006 года.

“Што да адмовы ў рэгістрацыі спадару Мілінкевічу, нам растлумачылі, што дакументы, пададзеныя кандыдатам, не ў поўнай ступені адпавядалі неабходным нормам. Мы сустракаліся і са спадаром Мілінкевічам учора. Ён растлумачыў нам, што не збіраецца нават падаваць скаргу, бо лічыць адмову ў рэгістрацыі палітычна абгрунтаванай і прынятым загадзя рашэннем”, — сказаў кіраўнік ПА АБСЕ.

Што да недастатковай прысутнасці прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчых камісіях, то, паводле слоў Мільёры, у ЦВК ім патлумачылі, што заявак ад апазіцыянераў “было вельмі мала, а пададзеныя заяўкі былі задаволеныя“.

Рыкарда Мільёры нагадаў, што 23 верасня за ходам выбараў у Беларусі будуць назіраць прыблізна 90 назіральнікаў ад ПА АБСЕ, прыбудуць таксама кароткатэрміновыя назіральнікі ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ.

“Мы спадзяемся, што ў дзень выбараў ахопім прыблізна 10—15% з больш як 6.000 выбарчых участкаў у Беларусі, непасрэдна праверым, ці будзе доступ да стала падліку бюлетэняў, ці будзе празрыстае галасаванне без націску. Добрыя намеры старшыні ЦВК мы праверым непасрэдна на месцах. Мы ў Італіі гаворым: “Калі гэта ружы, то рана ці позна яны расцвітуць”. Пакуль мы заўважылі толькі шыпы”, — падкрэсліў Рыкарда Мільёры.

У якасці прыкладу такіх “шыпоў” ён назваў наяўнасць у Беларусі палітзняволеных. “Калі ў турмах знаходзяцца верагодныя кандыдаты на ўдзел у выбарах, зразумела, што гэта ўжо нейкае абмежаванне. Гэта тычыцца як сітуацыі з Юліяй Цімашэнкай ва Украіне, так і, напрыклад, з Зміцерам Дашкевічам у Беларусі або падобнай сітуацыі ў любой іншай краіне”, — адзначыў прэзідэнт ПА АБСЕ.

Мільёры паведаміў, што прадстаўнікі ПА АБСЕ прасілі пра магчымасць сустрэцца з беларускімі палітзняволенымі. “Я прасіў пра такую магчымасць у міністра Мартынава падчас нашай сустрэчы ў Рыме. Пакуль мы не атрымалі адказу. Але вельмі спадзяюся, што да выбараў мы яго атрымаем”, — сказаў прэзідэнт ПА АБСЕ.

Пры гэтым ён удакладніў, што каардынатар місіі назіральнікаў ПА АБСЕ, кіраўнік камітэта па правах чалавека Матэа Мекачы ў выпадку атрымання такога дазволу “гатовы прыехаць у любы беларускі горад у любы момант”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары