10 удзельнікаў Дня Волі атрымалі штрафы «за кветкі Янку Купалу»


28 красавіка суд Савецкага раёну гораду Менску аштрафаваў удзельнікаў шэсця з нагоды абвяшчэння БНР на сумы ў памеры ад 10 да 40 базавых велічыняў.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч атрымаў штраф Br 7 млн ​​350 тыс.

«Суд палічыў, што я ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу каля кінатэатру «Кастрычнік», нягледзячы на тое, што там было ўзгодненае з уладамі месца збору ўдзельнікаў акцыі. Паводле суддзі, несанкцыянаваным мітынгам аказалася масавая прысутнасць грамадзянаў у гэтым месцы, дзе выкрыкваліся лозунгі, прычым я выкрыкваў іх праз гукаўзмацняльную апаратуру», – распавёў палітык.

Чытайце таксама >>> Вінаградаў: Ва ўладаў задача нікога не саджаць «па палітыцы»

Каардынатар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі аштрафаваны на 35 базавых велічыняў. Сябра Абʼяднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў – на 40 базавых, а сустаршыня аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі – на 10 базавых велічыняў. Актывісты апазіцыі Мікалай Колас і Зміцер Дашкевіч атрымалі па 20 базавых велічыняў, Кася Людвіг – 25, Алесь Макаеў, Зміцер Сільчанка і Яўген Батура – на 30 базавых велічыняў кожны.

Нагадаем, што арганізатары Дня волі атрымалі дазвол на правядзенне акцыі ад Менгарвыканкаму. Сталічныя ўлады дазволілі 25 сакавіка збор удзельнікаў святочнага шэсця каля кінатэатру «Кастрычнік». Некаторыя палітыкі і актывісты спачатку ўсклалі кветкі каля помніка Янкі Купалы, дзе правялі мітынг і прайшлі калонай па праспекце Незалежнасці да кінатэатра «Кастрычнік». Менскі гарвыканкам не быў паінфармаваны пра гэтую акцыю.

За ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах 25 cакавіка таксама атрымалі штрафы Уладзімір Някляеў і Анатоль Лябедзька – кожны з іх атрымаў штафы ў памеры 50 базавых велічыняў (10,5 млн).

ЮВ, belsat.eu паводоле belapan.by

Стужка навінаў