10 расейскіх дыпламатаў у Швецыі – шпіёны


Паводле Службы дзяржаўнай бяспекі Швецыі, не менш за 10 расейскіх дыпламатаў, якія працуюць у Швецыі, – супрацоўнікі выведкі.

На чарговы даклад яе службы звярнула ўвагу «Медуза». Прадстаўнікі спецслужбаў заяўляюць, што расейскія шпіёны выдаюць сябе таксама за бізнесоўцаў і супрацоўнікаў авіякампаніяў.

На думку SAPO, расейская выведка для Швецыі – найбольш небяспечная. Далей у спісе пагрозаў – выведкі Ірана і Кітая.

У дакладзе спецслужбы таксама гаворыцца пра ўжыванне Расеяй метадаў псіхалагічнай вайны. Паводле дадзеных SAPO, Расея агулам спрабуе ўплываць на шведскіх палітыкаў і грамадства, падтрымліваючы радыкальныя рухі і распаўсюджваючы дэзынфармацыю.

Журналісты прыгадваюць, як летась Швецыя выслала расейскага дыпламата за дзейнасць, несумяшчальную з прынцыпамі Венскай канвенцыі аб дыпламатычных адносінах. Расея ў адказ абʼявіла персонай нон-грата высокапастаўленага супрацоўніка шведскай амбасады ў Маскве.

Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг у студзені паведаміў у сваім штогадовым дакладзе, што Расея ў 2013 годзе правяла вайсковыя вучэнні, падчас якіх адпрацоўваўся ядравы ўдар па Швецыі. Швецыя не з’яўляецца членам НАТА, але ўдзельнічае ў праграме «Партнёрства дзеля міру».

ДД

Стужка навінаў