10 гадоў з канфіскацыяй: прысуд па справе экс-дырэктара птушкафабрыкі «Рассвет»


У Менскім абласным судзе экс-дырэктара птушкафабрыкі «Рассвет» прысудзілі сёння да 10 гадоў пазбаўлення волі. Адбываць пакаранне былы чыноўнік будзе ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Абвiнавачванне таксама дамаглося таго, каб падсудны быў пазбаўлены права займаць арганізацыйна-распарадчыя і адміністрацыйна-гаспадарчыя пасады тэрмінам на пяць гадоў. Тэрмін адбывання пакарання будзе вылічацца з 19 снежня 2016 года. У тэрмін пакарання будзе залічаны час утрымання пад вартай: з 19 снежня 2014 года.

Былы кіраўнік прызнаны вінаватым у атрыманні хабару, злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, перавышэнні службовых паўнамоцтваў, неналежным выкананні службовай асобай службовых абавязкаў з прычыны нядбайнага стаўлення да службы. У ходзе разбiральнiцтва дзяржабвiнавачванне запрасіла для падсуднага 11 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Паводле пракурора, падсудны, якога вялi карыслівыя матывы, насуперак эканамічным інтарэсам прадпрыемства, выкарыстоўваў службовае становішча ў якасці сродку і спосабу асабістага ўзбагачэння i здзейсніў шэраг супрацьпраўных дзеянняў, што пацягнула прычыненне шкоды фабрыцы ў асабліва буйным памеры. Таксама бок абвінавачання паказаў, што былы дырэктар птушкафабрыкі выбудаваў сістэму пабораў.

Бок абароны падчас спрэчак адзначыў, што падсудны не заслугоўвае такога празмерна жорсткага пакарання, пра які просіць дзяржабвінаваўца. Адвакат адзначыў, сродкі не ішлі ў кішэню экс-дырэктару, і прасіў прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.

Чытайце на belsat.eu

Інфармацыя пра ўзбуджэнне крымінальнай справы ў адрас дырэктара птушкафабрыкі зʼявілася ў прэсе ў лютым 2015 года. 19 снежня 2014 года супрацоўнікі КДБ затрымалі яго пры атрыманні хабару ў Br 50 млн. Менавiта столькі «каштавалі» паслугі дырэктара за спрыяльнае вырашэнне пытання аб заключэнні дагавораў будаўнічага падраду. У цэлым ён абвінавачваецца ў тым, што на працягу некалькіх гадоў сістэматычна прымаў незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічанне ў вырашэнні пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю і звязаных з службовым становішчам, якое ён займае.

Агульная сума хабараў, якiя атрымаў экс-дырэктар птушкафабрыкі ад прадпрымальнікаў, склала больш за Br 2,5 мільярда.

Чытайце на belsat.eu

Прысуд у законную сілу не ўступіў, і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку ў Вярхоўным судзе на працягу 10 сутак з дня абвяшчэння.

ВД, паводле belta.by

Стужка навінаў