10 гадоў падвалы залівае лайном. Рэакцыя ЖЭС: «разбярэмся, пасыплем хлёркаю»


У будынку 1971 году пабудовы ніколі не было капітальнага рамонту, трубы не мянялі, хоць 40 год дом ужо мае, а гэты па законе максімальны тэрмін, які будынак можа чакаць на аднаўленне.

Частка жыхароў дзевяціпавярховіка па вул. 17 верасня, 39 ужо не першы год не могуць карыстацца сваймі падваламі. Прычына ў каналізацыйнай трубе, якую перыядычна прарывае, таму ўвесь калідор з ячэйкамі падвалаў атрымліваецца… занураным у лайно.

Жыхары дому не могуць дачакацца рамонту трубы ўжо 10 годоў.

«Нічога не можам захоўваць у падвале, – распавядае жыхар дому Аляксей, – бо як зноў прарве рэчы будуць сапсаваныя, а пах і зараз стаіць характэрны. Такім чынам мы проста пазбаўленыя падвалу, кватэраў 6 дык дакладна».

Адзіная «радыкальная» мера, на якую наважыліся камунальнікі, гэта перасыпаць затоплены калідор дзе-нідзе хлёркай. Тут жа – лопнуўшая кладка сценаў, трубы з абабітым уцяпленнем… Іх суседзям пашчасціла больш – калідор побач з ячэйкамі падвалаў – у цалкам прыстойным стане.

Як паведамілі ў дыспетчарскай ЖЭСу № 1, на тэрыторыі якога знаходзіцца шматкватэрны будынак, з сітуацыяй будуць разбірацца. Але паколькі зараз прарыву няма, звернуцца ўсё ж хутчэй да дворнікаў, каб тыя «прыбралі ды зноў перасыпалі хлёркай». Пра паўнавартасны рамонт размовы няма.

Жыхары дому пакуль не складалі адмысловых лістоў да гарадскіх уладаў, але ўжо сурёзна пра гэта падумваюць: пакуль з іх кішэняў штомесяц адлічваюцца грошы на капітальны рамонт дому, падвал чысцейшым не стаўся.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў