10 дзетак у Варшаве сёлета пачнуць вывучаць беларускую мову. Ці будзе іх болей?


Адміністрацыя пачатковай школы №395 у Варшаве запрашае на арганізацыйнае спатканне бацькоў, якія б хацелі, каб іх дзеці вывучалі беларускую мову і культуру.

Сустрэча кіраўніцтва школы, педагогаў-беларусістаў і бацькоў мае адбыцца 14 верасня (чацвер) а 18:00 гадзіне па адрасе: Варшава, вул. Серокаўскага 9 (Sierakowskiego 9).

На сённяшні дзень школа №395 імя ротмістра Вітальда Пілецкага ў Варшаве атрымала заявы ад бацькоў 10 дзяцей, якія пачнуць сёлета школьную навуку беларускай мовы.

Паводле дырэктара навучальнай установы, спадарыні Ёанны Стэльмашчык, дзеці размяркуюцца ў тры навучальныя групы – дзве для дашкольнікаў і адну для малодшых школьнікаў. «У кожнай групе будзе толькі па 3-4 чалавекі, таму навучанне будзе праходзіць у вельмі камфортных умовах», – адзначыла спадарыня Ёанна. Навучальны працэс будзе арганізаваны гэтак, што бацькі будуць прывозіць дзетак на заняткі ў вызначаны дзень а пэўнай гадзіне.

Магчымасць вывучаць беларускую мову ў Варшаве існуе толькі для дзяцей, якія маюць польскае грамадзянства альбо зʼяўляюцца рэпатрыянтамі. Яшчэ яны абавязкова мусяць наведваюць публічныя навучальныя ўстановы ў межах Варшавы.

Спадарыня Ёанна Стэльмашчык выказала спадзяванне, што навучэнцаў у беларускамоўных групах у Варшаве будзе больш.

«Калі дзяцей назбіраецца дастаткова, то мы будзем арганізоўваць новыя групы, бо закон дазваляе іх ствараць пры мінімум трох навучэнцах», – адзначыла спадарыня Ёанна.

Дырэктар дадала, што дэкларацыі бацькоў школа будзе прымаць да канца верасня. Узор заявы можна спампаваць з інтэрнэт-старонкі школы.

Belsat.eu паразмаўляў з ініцыятарамі беларускамоўнага навучання ў польскай сталіцы Каралінай і Алесем Лукашэвічамі.

Спадарыня Караліна адзначыла, што ў іхнай сямʼі пануе беларуская мова, таму дзве дачкі спадарства Лукашэвічаў чуюць яе з самага ранняга маленства.

«Разам з садком ці школай у жыццё дзіцяці ўваходзіць мова краіны, у якой мы жывём. Яно вучыцца на гэтай мове, кантактуе з равеснікамі. І тады родная мова, натуральна, становіцца другаснай. Таму для мяне самымі важнымі былі два моманты: па-першае, арганізаваць дачцэ заняткі беларускай мовы з самага пачатку ейнага кантакту з сістэмай адукацыі – ужо ў самой малодшай садковай групе; па-другое, стварыць кола дзяцей, з якімі яна будзе дачыняцца на гэтай мове. Усё дзеля таго, каб гэта было для яе натуральным, няспынным працэсам кантакту з роднай мовай ейнага таты», – заўважыла спадарыня Караліна.

Паводле спадара Алеся Лукашэвіча, навучанне дзяцей па-беларуску – гэта даволі прагматычная зʼява.

«Беларуская мова – гэта асноўны элемент ідэнтыфікацыі з беларускім народам. Мова дапамагае сфармаваць беларусу цэльны светапогляд і, так бы мовіць, ахінуцца ад скразнякоў бязмежнай глабалізацыі. Яна дадае беларусу ветру ў крылы, дапамагае навучыцца думаць уласнымі катэгорыямі і дбаць пра свой інтарэс. А каб беларусу пражыць цікавае жыццё і рэалізаваць чалавечы патэнцыял, не важна, ці знаходзіцца ён у Горадні, ці ў Сан-Францыска, ён павінен быць упэўнены ў сабе і ўмець гуляць сваю самастойную гульню», – заўважыў спадар Алесь.

На ягоную думку, у ХХІ-ым стагоддзі не трэба пераконваць людзей у тым, каб яны былі беларусамі, ірландцамі ці габрэямі.

«У наш час кожны ў стане самастойна выбраць, кім быць. У свабодным доступе ёсць багата і кніжак, і газетаў, і сайтаў на любую беларускую тэматыку. Калі дарослы чалавек, які ўжо мае нашчадкаў, ні сябе, ні сваіх дзяцей не атаясамлівае з беларускім народам, можа і не варта апеляваць да ягонага паходжання, выклікаць пачуццё віны і дакоры сумлення. Мне не хацелася б браць на свае плечы інтэлектуальнае ці духоўнае адраджэнне бацькоў, «рожденных в СССР». Доўгую дарогу да беларушчыны кожны павінен прайсці сам. Альбо не прайсці і стаць звычайным грамадзянінам Польшчы, Расеі ці Чэхіі. Асабіста я імкнуся, каб мае дзеці ведалі беларуская мову па даволі эгаістычных прычынах. Я хачу, каб яны лепей разумелі мой светапогляд і мову зносінаў, матывацыю маіх жыццёвых учынкаў, гісторыю маёй сямʼі, ганарыліся сваім прозвішчам і атаясамліваліся з гісторыка-культурнай спадчынай беларускага народу», – падсумаваў спадар Алесь.

Віктар Шукеловічbelsat.eu

Глядзі таксама
Каментары