10 чалавек на месца. Параўноўваем конкурс у ваенныя акадэміі Беларусі, Расеі, Украіны і ЗША


Калі конкурс у ваенныя ВНУ сведчыць пра прэстыж прафесіі вайскоўца, то найвышэйшы ён – у ЗША. Беларусы не адчуваюць даверу да ўласнага войска – і не маюць матывацыі служыць у ім. Піша Алесь Гелагаеў.

Больш за 500 хлопцаў і дзеўчын – першакурснікаў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь – прынеслі прысягу вернасці сваёй краіне і народу ў канцы мінулага тыдня, падае галоўнае выданне Мінабароны. Аднак афіцыйныя звесткі сведчаць, што прэстыж афіцэрскай прафесіі ў Беларусі застаецца на нізкім узроўні.

У беларускім Ўэст-Пойнце

Сярэдні конкурс падчас уступнай кампаніі 2017 году склаў усяго 1,28 чалавека на месца, паведамляе сайт Мінабароны.

У гэтым жа годзе сярэдні конкурс, напрыклад, у Беларускім дзяржаўным універсітэце склаў больш за 2 чалавекі на 1 месца.

Курсанты Ваеннай акадэміі. Фота – «Белорусская военная газета»

На спецыяльнасць «Кіраванне мотастралковымі падраздзяленнямі» конкурс склаў 1,44 чалавека на месца. На спецыяльнасць «Кіраванне танкавымі падраздзяленнямі» – 1,46 чалавека на месца.

Пачаць навучанне на афіцэра сілаў спецыяльнага прызначэння мог амаль кожны, хто прайшоў медычную камісію і здаў фізічныя тэсты – конкурс склаў 1,16 чалавека на месца.

Цікава, што конкурс на факультэт Унутраных войск, які выпускае камандзіраў ці не галоўнага сілавога інстытуту захавання ўлады ў краіне, аказаўся ніжэй, чым конкурс на танкавую і мотастралковую спецыяльнасць – 1,38 чалавека на месца.

Выпускнікі Ўэст-Пойнта па традыцыі падкідваюць фуражкі ў паветра. Фота – «WestPoint.org»

Для параўнання – амерыканская акадэмія Ўэст-Пойнт, якая пераважна рыхтуе афіцэраў для Сухапутных войск, прымае толькі аднаго з дзесяці абітурыентаў, і, адпаведна, па конкурсе стаіць побач з самымі прэстыжнымі цывільнымі ўніверсітэтамі ЗША.

Конкурс у вышэйшыя навучальныя ўстановы ў Расеі складае каля 4 чалавек на месца ў камандныя ВНУ Сухапутных войскаў і каля 6 чалавек на месца – у ВНУ Паветрана-дэсантных войскаў.

Ува Украіне, якая вядзе вайну, конкурс у Нацыянальную акадэмію сухапутных войск (Львоў), складае больш за 2 чалавекі на месца.

Рэпартаж з уступнай кампаніі ў Нацыянальную акадэмію сухапутных войск, ліпень 2017 г. Тэлеканал ZIK

Уступныя балы

У адрозненне ад конкурсу цяжка параўноўваць уступныя балы ў вайсковых універсітэтах розных краін. Аднак мы можам паглядзець на ўзровень уступных балаў у самой Ваеннай акадэміі.

З 400 балаў, якія можна набраць падчас уступных іспытаў, вам спатрэбяцца толькі 124, каб паступіць на спецыяльнасць «Кіраванне падраздзяленнямі спецыяльнага прызначэння, вайсковай выведкі, паветрана-дэсантнымі падраздзяленнямі». Год таму паказнік стаяў на ўзроўні 143 балаў.

Курсант Ваеннай акадэміі ў класе. Фота – «Белорусская военная газета»

Толькі 131 бал патрэбны, каб паступіць на спецыяльнасць «Кіраванне мотастралковымі падраздзяленнямі», усяго 112 балаў – каб пачаць вучыцца на афіцэра танкавых войскаў.

Самы высокі прахадны бал – 315 – у дзеўчын, якія паступаюць на спецыяльнасць «Тэлекамунікацыйныя сістэмы, эксплуатацыя аўтаматызаваных сістэм апрацавання інфармацыі.

Выпуск у Ваеннай акадэміі ў 2017 годзе. Ролік – «ВоенТВ»

Адбор? Які адбор?

Такім чынам, афіцэрская служба ў беларускай арміі не з’яўляецца прывабнай для вялікай колькасці моладзі – хутчэй за ўсё ў Акадэмію ідуць проста па сямейнай традыцыі.

Аднак нізкі конкурс – то бок, проста невялікая колькасць ахвотных стаць афіцэрамі – проста не дазваляе кіраўніцтву ўстановы адбіраць для беларускага афіцэрства толькі самых адукаваных і здольных, што наўпрост уплывае ўжо на будучую баяздольнасць усіх Узброеных сілаў.

Скульптура каля Ваеннай акадэміі – «Выпускнік-лейтэнант».Фота – «Белорусская военная газета»

Пытанне прэстыжу службы ў беларускім войску стала прадметам абмеркавання ўжо падчас вясенняй прызыўной кампаніі – вайскоўцы адзначалі, што і сярод прызыўнікоў не хапае матывацыі для службы.

Выклікана такое становішча адразу некалькімі фактарамі. Сярод іх «пачэснае» месца займае недастатковае фінансаванне беларускага войска – у пераліку на аднаго вайскоўца Беларусь выдаткоўвае ў некалькі разоў менш за сваіх суседзяў.

Гэта не толькі замінае войску купляць новыя ўзбраенні, больш актыўна вучыцца ваяваць (непазбежныя выдаткі на боепрыпасы, паліва, рамонт тэхнікі), але і падрывае аўтарытэт вайсковай службы. Цяпер студэнт, які разбіраецца ў праграмаванні, можа зарабляць у месяц больш, чым беларускі прафесіянал з падраздзялення спецыяльнага прызначэння.

Іншая прычына нежадання беларусаў служыць – адсутнасць выразнай нацыянальнай ідэі ў дзяржаўнай адукацыі, палітыцы, ва ўнутрыармейскім жыцці, дзе амаль цалкам адсутнічаюць і нацыянальная сімволіка, і мова.

З гэтай прычыны мноства беларусаў, якія б хацелі служыць у войску і бараніць незалежнасць сваёй краіны, не адчуваюць даверу і да арміі, і да дзяржавы агулам. Пабудаваная паводле савецкіх узораў афіцыйная ідэалагічная сістэма, што прызнаюць самі вайскоўцы, няздольная даць арміі дастатковы пул моладзі, якая мае матывацыю да службы.

Ува ўмовах пасіўнасці і страху ўладаў перад беларускім нацыянальным рухам, толькі праца самой грамадзянскай супольнасці, якая будзе пераконваць маладых хлапцоў і дзяўчат ісці служыць, можа спыніць дэградацыю беларускага войска і даць яму новы штуршок да развіцця.

Аляксандр Гелагаеў

Стужка навінаў